Престольный праздник Свято-Александро-Невского кафедрального собора совпал с 60-летием его настоятеля

Тут хараство кранаецца душы

Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (злева) уручае крыж благачыннаму цэркваў Кобрынскага раёна протаіерэю Багдану Хаме.

Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (злева) уручае крыж благачыннаму цэркваў Кобрынскага раёна протаіерэю Багдану Хаме.

Гісторыя Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора – своеасаблівае адлюстраванне няпростай гісторыі ўсёй нашай зямлі. Закладзены ў 1864 годзе на месцы пахавання рускіх салдатаў, загінуўшых ў час Кобрынскага бою Айчыннай вайны 1812 года, у 60-я гады ХХ стагоддзя сабор быў перароблены пад планетарый, перажыў пажар, яшчэ пазней тут размяшчаліся музей і архіў, і толькі ў 1990-м сабор быў у другі раз асвячоны мітрапалітам Мінскім Філарэтам. Сёння гэта – неадрыўная частка нашай Кобрыншчыны. Не дзіўна, што прастольнае свята сабора, якое супала з 60-годдзем яго настаяцеля, благачыннага цэркваў Кобрынскай акругі протаіерэя Багдана Хамы, стала светлым і радасным днём для мноства кабрынчан і гасцей нашага горада. У свяце прынялі ўдзел архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, шматлікія прадстаўнікі духавенства і прыхаджане.

%d1%81%d0%be%d0%b1%d0%be%d1%80-2
Не будзе перабольшваннем сказаць, што сёння Свята-Аляксандра-Неўскі сабор з’яўляецца своеасаблівым духоўным цэнтрам Кобрыншчыны, дзе мы знаходзім самае галоўнае – спакой для нашай душы. Вельмі складана апісаць словамі той незвычайны стан, які ахоплівае чалавека ў час набожнай літургіі, у якой у гэты незвычайны дзень зліліся сэрцы і думкі мноства кабрынчан. Сабор ледзьве ўмясціў усіх жадаючых далучыцца да архіерэйскага набажэнства, якое Уладыка Іаан упершыню правёў у саборы ў сане архіепіскапа. Пасля Боскай літургіі ў саборы прайшло таінства прычасці і хрэсны ход, у якім прынялі ўдзел усе вернікі.
Свята стала выдатнай нагодай прыгадаць нашу агульную гісторыю. Аляксандр Неўскі, у гонар якога названы галоўны храм нашага города, унес значны ўклад у станаўленне рускай дзяржаўнасці, быў пахаваны 23 лістапада 1263 года, што па новым стылі адпавядае 6 снежня. Аляксандр Неўскі славіўся сваёй мудрасцю і цвёрдасцю, карыстаўся павагай сярод сваіх як суайчыннікаў, так і ворагаў, заўсёды клапаціўся пра свой народ, за які пастаянна маліўся. Як адзначалася ў час набажэнства, менавіта так і мы павінны адпавядаць вобразу Хрыстовых воінаў, з імем Божым абараняўшых сваю зямлю і сваю веру. Напрыканцы архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан уручыў Багдану Хаме Грамату Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, прасфору, ікону і крыж у знак пацвярджэння высокіх заслуг на шляху пастырскага служэння.

%d1%81%d0%be%d0%b1%d0%be%d1%80-3
Як справядліва падкрэсліў ў час свята старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, віншуючы з юбілеем айца Багдана Хаму, малітвы, якія ўзносяць да Бога кабрынчане ў храмах, натхняюць іх на новыя добрыя справы. На Кобрыншчыне сёння не разбураюцца, а растуць новыя храмы, куды ідзе ў тым ліку наша моладзь, якая хутка стане нашай моцнай падтрымкай. Значная роля ў гэтым належыць нашаму духавенству і тым малітвам, якія сёння гучаць за тое, каб на нашай кобрынскай зямлі заўсёды быў парадак і дабрабыт. Граматы Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў, якія былі ўручаны благачыннаму цэркваў Кобрынскай акругі, сталі пацвярджэннем гэтай плённай працы.
А са сцен сабора глядзелі лікі святых, нібыта благаслаўляючы ўсіх нас у гэты цудоўны дзень. І хаця служба разам з урачыстымі мерапрыемствамі ішла каля чатырох гадзін, праляцеў гэты час нібыта адно імгненне, напоўненае радасцю і хараством. Кудысьці знікла традыцыйная напружанасць, характэрная для пачатку рабочага тыдня, пакінуўшы пасля сябе толькі станоўчую ўпэўненасць – усё ў нас абавязкова атрымаецца.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *