ПРЫДАРОЖНЫ СЭРВIС: тэндэнцыя са знакам “плюс”

Скрыжаванне аўтамабільных трас рэспубліканскага і міжнароднага прызначэння надае Кобрынскаму раёну статус буйнейшага транзітнага цэнтра, праз які кожны дзень праходзяць патокі транспарту, у тым ліку і з замежжа. З упэўненасцю можна адзначыць, што фарміраванне станоўчага іміджу нашай краіны на міжнароднай арэне залежыць у тым ліку і ад прыдарожнага сэрвісу. Менавіта гэта сфера на працягу шэрагу гадоў знаходзіцца пад пільнай увагай і кантролем з боку дзяржавы. У верасні супрацоўнікі ДУ “Кобрынскі ЗЦГіЭ” правялі маніторынгавую праверку з удзелам прадстаўнікоў СМІ аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Адметна тое, што яе вынікі адрозніваюцца ў лепшы бок у параўнанні з аналагічнымі рэйдамі, якія ажыццяўляліся два-тры гады таму. Звярталася ўвага на стан прылягаючых тэрыторый да трасы Брэст – Мінск – граніца РФ. Адразу было бачна, што ўсе дарожныя арганізацыі, якія замацаваныя за гэтымі ўчасткамі, з высокай доляй адказнасці ставяцца да сваіх абавязкаў. Сістэматычна ажыццяўляецца скошванне расліннасці, а на пунктах часовага адпачынку вадзіцеляў своечасова прыбіраецца смецце як з кантэйнераў, так і з лесапаласы, утрымліваюцца ў задавальняючым стане малыя архітэктурныя формы. Каля кафэ “Сафія”, якое знаходзіцца на 86-м кіламетры трасы Мінск – граніца РФ, заўсёды шмат велікагрузных аўтамабіляў. На момант рэйдавай праверкі ў кафэ адпачывалі пасля дальняй дарогі прадстаўнікі Сербіі, якія дзякавалі гаспадарам за гасцінны прыём. Тым не менш супрацоўнікі цэнтра гігіены выявілі тут шэраг парушэнняў. Персаналу ўстановы неабходна больш уважліва сачыць за навядзеннем элементарнага парадку ў абедзеннай зале, захоўваць прадукты харчавання, кухонны і ўборачны інвентар, спецадзенне ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі. Паводле вышэйадзначаных парушэнняў гаспадар “Сафіі” атрымаў папярэджанне і ва ўстаноўленыя тэрміны павінен выправіць недахопы. Не менш людным месцам з’яўляецца пункт прыдарожнага сэрвісу “Каменная кветка” ў в. Камень. На момант праверкі ў аднаго з супрацоўнікаў пры сабе не аказалася медыцынскай кніжкі, пакідаў жадаць лепшага парадак у халадзільным абсталяванні, адсутнічала прыстасаванне для гігіены рук, неналежным чынам захоўвалася адзенне. У выніку работнікі ДУ “ЗЦГіЭ” таксама склалі прадпісанне, якое патрабуе ад кіраўніцтва і персаналу бара аператыўнага вырашэння “праблемных” момантаў. У лепшы бок адрозніваецца кафэ “Церамок” ПГУП “Кардэліна”. З тонкім дызайнерскім густам побач з яго будынкам праведзена рэканструкцыя тэрыторыі з маленькімі альтанкамі, фігуркамі жывёл і морам яркіх кветак. Афіцыянты  сведчаць, што геаграфія іх пастаянных кліентаў год ад году імкліва пашыраецца. Вось, напрыклад, сёлета завіталі кітайцы, якія заказалі рыс і фірменнае запечанае мяса. Узорам для ўсіх пунктаў прыдарожнага сэрвісу Кобрыншчыны было адзначана кругласутачнае кафэ РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт”, якое знаходзіцца каля в. Барысава. Нягледзячы на тое, што ўстанова ўпершыню адкрыла свае дзверы толькі ў мінулым годзе, адміністрацыя з задавальненнем адзначае, што недахопу сярод кліентаў няма. Сучасны бар, музычнае суправаджэнне, камфартабельная банкетная зала,выдатная кухня з новым высокатэхналагічным абсталяваннем, высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў ствараюць добрае ўражанне. Прыемна, што і выкананне санітарна-гігіенічных нормаў у кафэ заўсёды на вышыні. Нэлі ДАВІДЗЮК, памочнік урача-гігіені- ста ДУ “Кобрынскі ЗЦГіЭ”; Раман МЕЛЬНІК, карэспандэнт. Фота аўтара.

ПРЫДАРОЖНЫ СЭРВIС: тэндэнцыя са знакам “плюс”: 1 комментарий

  • 18/01/2011 в 1:14
    Permalink

    В Теремке непонятные цены – вроде и не взял ничего, а деньжат просят много. Приятное впечатление оставила кафешка на заправке Белорусьнефть.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *