У мінулыя выхадныя на стадыёне “Юнацтва” на штогадовую спартакіяду працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада сабраліся аматары фізічнай культуры і спорту і іх балельшчыкі. Для адных прадстаўнікоў каманд спаборніцтвы ўжо сталі традыцыйнымі, іншыя прымалі ўдзел у мерапрыемстве ўпершыню. Але бадзёры настрой і жаданне перамагчы былі ва ўсіх, чаму спрыяла і цёплае надвор’е.
На ўрачыстае адкрыццё выстраіліся каманды ААТ “САЛЕО-Кобрин”, СТАА “ВП Палессе”, КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, інструментальнага завода “СІТОМА”, філіяла “Аўтамабільны парк № 16 г. Кобрына”, Кобрынскага хлебазавода, Кобрынскага філіяла ААТ “Брэсцкі мясакамбінат” і Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык.
Сёлета ў праграму спартакіяды былі ўключаны такія віды спорту, як міні-футбол, жаночы і мужчынскі валейбол, дартс, падняцце гіры, перацягванне каната, настольны тэніс і стральба.
Частка ўсіх спаборніцтваў прайшла менавіта на стадыёне. Самай хуткай дысцыплінай аказалася перацягванне каната. Каманды прадставілі сваіх асілкаў, якія вельмі эмацыянальна стараліся “перацягнуць перамогу” на свой бок. Не менш эфектна праходзіла і падняцце гіры: можна быць упэўненымі, што мужчыны, якія з лёгкасцю паднімалі шматкілаграмовую гіру, змогуць так жа лёгка насіць сваіх жанчын на руках.
Сваю меткасць аматары спорту правяралі ў кіданні дроцікаў у дартсе. Тут бралі ўдзел як мужчыны, так і жанчыны.
Вельмі ярка выглядаў жаночы валейбол, тым больш, што праходзіў ён на адкрытым паветры. У міні-футбол таксама гулялі побач са стадыёнам, на полі са штучным пакрыццём.
Астатнія дысцыпліны былі праведзены на фізкультурных аб’ектах горада.
У выніку самай спартыўнай у агульнакамандным заліку стала каманда Кобрынскай ЖКГ, другое месца ў спартсменаў СТАА “ВП Палессе”, на трэцім - каманда Кобрынскага філіяла ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.
[gallery link="file" order="DESC" columns="4"]