Прогноз погоды
Чт, 03 июля 2025

Лёс спартыўны: Ні дня без руху…

30/06/2011 Здаровы лад жыцця

Ветэран фізічнай культуры і спорту Аляксандр Бродка хутка адзначыць свой сямідзесяцігадовы юбілей. Усё сваё сумленнае жыццё ён прысвяціў спорту і заўсёды імкнуўся на асабістым прыкладзе прапагандаваць здаровы лад жыцця, прыцягваць пад спартыўныя сцягі кобрынскую моладзь.

Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў г. Бярозе. У школе яго вабілі гульнявыя віды спорту. Здольнасці адразу ж прыкмеціў настаўнік фізкультуры, парэкамендаваў Аляксандру ўдасканальваць свае навыкі ў мясцовай дзіцячай спартыўнай школе. Хлопец вырашыў займацца бегам на кароткія дыстанцыі, выступаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У пачатку 60-х гадоў малады спартсмен увайшоў у састаў зборнай каманды БССР і прыняў удзел ва Усесаюзнай спартакіядзе школьнікаў, якая праходзіла ў Мінску. Напарнікам па эстафеце быў чэмпіён СССР Сяргей Сонцаў.

З выбарам далейшага жыццёвага шляху ў Аляксандра не ўзнікала ніякіх пытанняў. Пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Акрамя бегу, ён яшчэ займаўся і скачкамі ў вышыню, з шастом і многімі іншымі спартыўнымі дысцыплінамі. Нярэдка студэнт Бродка дэманстраваў высокія паказчыкі ў дзесяцібор’і на рэспубліканскіх стартах.

- Лёгкая атлетыка - асаблівы від спорту, які патрабуе каласальнага фізічнага напружання. Кожны дзень па некалькі разоў трэніроўкі, як кажуць, да “сёмага поту”. Ды яшчэ трэба сябе трымаць у жорсткіх межах рэжыму дня і харчавання. Першы курс у інстытуце быў перыядам адаптацыі. Некаторыя навучэнцы не вытрымлівалі, “зыходзілі з дыстанцыі”, -  расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.

Пасля заканчэння ВНУ яго размеркавалі ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна трэнерам па лёгкай атлетыцы. Звольніўшыся ў запас пасля службы ў арміі ў 1965 годзе, прыехаў уладкоўвацца на работу ў Кобрын.

- Трынаццаць гадоў я працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў САШ №5 г. Кобрына (цяпер гімназія). Тут дзейнічалі шматлікія секцыі, рэгулярна праводзіліся спаборніцтвы па шматбор’і “Здароўе” і “Абаронца Айчыны”. Вялікі ўклад у развіццё гэтага руху зрабілі мае паплечнікі Рэгіна Конан, Святлана Нікіценка, Генадзь Бародзіч. САШ №5 неаднаразова з’яўлялася чэмпіёнам раённых спартакіяд сярод школьнікаў, - успамінае Аляксандр Бродка.

Дзякуючы адміністрацыі школы на чале з Пятром Плоткам удалося гаспадарчым спосабам пабудаваць літаральна з нуля стадыён, дзве баскетбольныя пляцоўкі, валейбольны корт, малое футбольнае поле, бегавую дарожку, нават абсталяваць сектар для скачкоў у вышыню, павялічыць спартыўную залу.

- Адзначу, што раней многім юнакам і дзяўчатам вельмі падабаліся ўрокі фізкультуры. На такія заняткі збіралася па сорак чалавек. Дзеці імкнуліся весці сябе дастойна, з карысцю і весела праводзіць вольны час. Трэба сказаць, што ўрокі праводзіліся таксама і за межамі школы. Напрыклад, у зімовы час па асабістай ініцыятвые арганізоўваў урокі лыжнай падрыхтоўкі з рабятамі ў парку імя А. В. Суворава. Цяпер прыярытэты ў некаторых прадстаўнікоў моладзі, на вялікі жаль, іншыя - піва, тытунь, камп’ютарныя гульні…, - гаворыць Аляксандр Бродка.

Намаганні маладога і перспектыўнага фізрука не засталіся без увагі. Яго запрасілі на пасаду намесніка дырэктара КСДЮШАР, дзе Аляксандр Бродка вёў  секцыю валейбола. Яго выхаванцы неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі вобласці сярод спартыўных школ.

У 1983-м Аляксандр Уладзіміравіч узначаліў аддзел па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама.

Дзякуючы падтрымцы былога старшыні райвыканкама Івана Венцаля здолеў унікнуць у сітуацыю і актывізаваць справу. Упершыню ў Брэсцкай вобласці ён вырашыў правесці на кобрынскай зямлі спартакіяды сярод сельскіх Саветаў, па аналогіі з тымі, што практыкавалі калегі з Гродзеншчыны. Кіраўніцтва раёна прыняла амбіцыёзную прапанову, але паставіла перад Аляксандрам Уладзіміравічам сваю ўмову: у кожным сельсавеце абсталяваць новы стадыён, стварыць каманды, забяспечыць іх усім неабходным.

Першая спартакіяда адбылася ў в. Хідры і прайшла з аншлагам. Потым, пасля рэканструкцыі стадыёна, аналагічныя старты праводзіліся ў в. Дзівін і практычна ва ўсіх цэнтральных сядзібах гаспадарак Кобрыншчыны. Галоўную стаўку Аляксандр Бродка зрабіў на развіццё гульнявых відаў спорту. І людзі вельмі зацікавіліся гэтым.  Хутка ўжо ў  кожнай гаспадарцы працавалі штатныя інструктары-метадысты па спорце. Многія былыя старшыні калгасаў таксама аказвалі пасільную дапамогу ў развіцці фізічнай культуры і спорту – Аляксандр Сахарчук, Сяргей Пашкевіч, Мікалай Токар, Аляксандр Юрэня, Аляксандр Булавіцкі, Фёдар Шыбун і інш.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак ў 2003 годзе Аляксандр Уладзіміравіч перадаў “эстафетную палачку” начальніка аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама Аляксандру Сідзюку, з якім яшчэ некалькі гадоў у якасці галоўнага спецыяліста працаваў у цесным тандэме.

У 2008 годзе ветэран спорту пайшоў у “адстаўку”. Але адпачываў не доўга - яго запрасілі на работу ў Кобрынска-Маларыцкую МРАС ДТСААФ інструктарам-метадыстам.

…Як і заўсёды, кожная раніца Аляксандра Бродкі пачынаецца з абавязковай фіззарадкі, якая доўжыца, як мінімум, паўгадзіны.

- Неяк трапіла ў рукі газета з артыкулам, у якім сусветна вядомыя навукоўцы сведчылі, што маларухомы лад жыцця можа зрабіць са здаровага мужчыны ў самым росквіце сіл сапраўднага старога. Але трэба памятаць, што фізкультура –  гэта не нейкая панацэя ад усіх хвароб і не эліксір маладосці, а зручны інструмент, дзякуючы якому можна максімальна доўга заставацца ў форме, забыць аб частых наведваннях урача, - расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.

Летам ён заўсёды займаецца загартоўкай – плавае ў прыродных вадаёмах. Добра дапамагае пазбавіцца ад стомленасці і напружання руская лазня. А самая выдатая фізічная нагрузка практычна для ўсіх узроставых груп грамадзян, лічыць ветэран спорту, - язда на веласіпедзе. Аляксандр Бродка з лютага і да восені на сваім двухколавым транспарце пераадольваў у сярэднім больш за 1000 кіламетраў!

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара і з архіва Аляксандра Бродкі.

Поделиться в соцсетях: