Прогноз погоды
Чт, 03 июля 2025

АЛIМПIЙЦЫ СЯРОД НАС

15/06/2011 Здаровы лад жыцця Молодёжь

У мінулую суботу на стадыёне “Юнацтва” праводзілася чацвёртая абласная алімпійская спартакіяда пад  эгідай Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці. Сёлета гэта мерапрыемства мела дэвіз “Алімпійцы сярод нас” і было прысвечана дваццацігадоваму юбілею НАК Беларусі. Урачыста адбывалася адкрыццё спаборніцтваў. На футбольным газоне выстраіліся дваццаць лепшых каманд клуба “Юны алімпіец” з усёй вобласці. Наш раён прадстаўляла каманда САШ №8. Быў падняты флаг Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Права вынесці на стадыён сімвалічны Алімпійскі факел было дадзена кандыдату ў майстры спорту, члену Нацыянальнай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы кабрынчаніну Ільі Сірацюку. У неба ўзняліся паветраныя шарыкі алімпійскіх колераў.

У Кобрын завітала вялікая дэлегацыя славутых спартсменаў Брэстчыны. Гэта бронзавы прызёр гульняў XXVI алімпіяды 1996 года ў Атланце Яраслава Паўловіч, удзельніца гэтых жа стартаў плаўчыха Інга Свірыдовіч, майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы Андрэй Макараў, неаднаразовыя прызёры чэмпіянатаў Еўропы па кулявой стральбе Святлана Будзько і Яўгенія Галуза, чэмпіён свету і пяціразовы чэмпіён Еўропы па кулявой стральбе Андрэй Васільеў, сярэбраны прызёр першынства Еўропы па цяжкай атлетыцы Ірына Мішчук і майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы Вольга Кардапольцава. Тытулаваныя алімпійцы шчыра віталі рабят на спартакіядзе, пажадалі ім здароўя, перамогі і заваявання самых высокіх спартыўных вяршынь.

Як паведаміў начальнік упраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама Мікалай Хявук, пяцьдзесят спартсменаў Брэстчыны сталі кандыдатамі на ўдзел у XXX Алімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе і праходзяць адпаведныя этапы адбору.

- Наша спартакіяда – гэта не толькі спаборніцтвы, але і ў першую чаргу цудоўная магчымасць даведацца школьнікам аб Алімпійскіх гульнях, сустрэцца са славутымі спартсменамі Брэстчыны, - адзначыла выканаўчы дырэктар Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці Алена Белаконенка.

Спартакіяда праходзіла дынамічна і відовішчна. У яе праграму ўвайшла лёгкаатлетычная эстафета, бег на дыстанцыю 30 метраў, скачок ў даўжыню з месца, плаванне, згінанне-разгінанне рук ва ўпоры і алімпійская віктарына.

У агульнакамандным заліку перамагла САШ №8 г. Кобрына. На другім месцы пінчане, на трэцім - школьнікі з Івацэвічаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта РБ у Брэсцкай вобласці.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: