Вт, 18 марта 2025
Прогноз погоды

В Кобрине прошёл митинг, посвящённый Дню памяти воинов-интернационалистов

18/02/2015 Военно-патриотическое воспитание

На чорным цюльпане, што на помніку ў скверы Воінскай славы, – лёгкі срэбны іней. У гэты марозны дзень ён чымсьці нагадвае сівізну на скронях воінаў-інтэрнацыяналістаў. На працягу многіх гадоў яны прыходзяць у гэтае памятнае месца, каб аддаць даніну пашаны ўсім, хто не вярнуўся з той вайны на далёкай афганскай зямлі і назаўсёды застаўся верным сваёй краіне і сваёй прысязе. Нібыта цяжкія кроплі, падаюць у цішыню словы, прозвішчы і імёны…- Больш за чвэрць стагоддзя аддзяляюць нас ад афганскай вайны - той смутнай старонкі ў гісторыі, на працягу якой наша краіна страціла 772 чалавекі, - адзначыў падчас урачыстага мітынгу, прысвечанага Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Не выключэнне і Кобрыншчына – 8 чалавек з нашага рэгіёна і 10 чалавек з авіяцыйнай базы, якая размяшчалася тут, назаўсёды ўпісаны ў спісы страт і ніколі не вернуцца да сваіх родных. І сёння мы памятаем іх усіх - і ганарымся тым, што кабрынчане з гонарам выконвалі свой інтэрнацыянальны і воінскі абавязак.

Як падкрэсліў Валянцін Трубчык, немагчыма пераацаніць жыццёвы вопыт людзей, якія прайшлі праз вайну. Актыўную жыццёвую пазіцыю ў грамадскіх арганізацыях і працоўных калектывах займае і раённая арганізацыя Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, якая, сярод іншага, праводзіць вялікую работу з падрастаючым пакаленнем. Каб нашы дзеці не толькі памяталі сваю гісторыю, але і былі заўсёды гатовыя пры неабходнасці стаць на абарону сваёй Айчыны.А вось і яны самі, прадстаўнікі падрастаючага пакалення - не па-дзіцячаму сур’ёзныя, ловяць кожнае слова. Пройдзе некалькі гадоў, і будучыня будзе належаць ім – маладым, актыўным і няўрымслівым у сваім жыццесцвярджальным імкненні. Вельмі хочацца спадзявацца, што з такім выхаваннем яны будуць апірацца на цвёрдыя і трывалыя каштоўнасці, галоўнымі сярод якіх будуць гонар і вернасць сваёй Радзіме. Увогуле, гэты дзень традыцыйна ўваходзіць у невялікую лічбу памятных дат, якія аб’ядноўваюць людзей усіх узростаў. Мабыць, таму, што ўсё, так ці інакш звязанае з вайной, мы, беларусы, памятаем і адчуваем на нейкім генетычным узроўні. А можа, таму што менавіта ў такія моманты лепш за ўсё разумееш сутнасць неперадавальнай глыбіні ў вачах ветэранаў і таго простага факту, што ў вайне няма і не можа быць ніякай рамантыкі ці прыгажосці.

Адгучалі словы памятнай ліціі, ускладзены вянкі, скончылася хвіліна маўчання. Разыходзяцца воіны-інтэрнаціяналісты – каб роўна праз год сустрэцца зноў на гэтым самым месцы. Толькі старэнькая ссівелая бабуля ўсё гладзіць халодную мемарыяльную пліту, на якой побач з жывымі кветкамі пад халодным лютаўскім ветрам павольна замярзаюць слёзы…Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу