Чым менш сярод нас застаецца жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, тых трагічных і адначасова гераічных падзеяў, якія і праз шмат гадоў не перастаюць хваляваць чалавецтва, тым даражэйшымі становяцца для нас іх успаміны. У новым праекце “Героі вайны”, прымеркаваным да 75-годдзя Вялікай Перамогі, разам з тымі, каму сённяшняе пакаленне ўдзячна за мір і спакой, мы чарговы раз перагорнем старонкі гераічнага мінулага і зробім гэта для таго, каб помнілі і яшчэ раз запомнілі – гэта наша гісторыя, гэта наша мінулае, сучаснае і будучыня.
Вера Маскаленка з вучнямі кадэцкага класа дзіцячага сада-сярэдняй школы №4 г. Кобрына. Фота: Алена БАКУН
Незайдросны лёс выпаў на долю Веры Сямёнаўны. Яна нарадзілася ў вёсцы Тэўлі. Са старэйшым братам Паўлам яны рана засталісі сіротамі. Бацька яшчэ да вайны паехаў у Амерыку на заробкі і не вярнуўся, маці памерла, калі малой Веры яшчэ нават і пяці гадоў не споўнілася. Дзяцей забраў да сябе родны дзядзька.
Пра тое, як жылося ў дзядзькавай сям’і, жанчына нават зараз без слёз згадваць не можа. Стрымана заўважае, што дрэннага пра родзічаў гаварыць не хоча, а добрага было мала: “Ды тады ўсім цяжка жылося, напэўна, і іх можна апраўдаць”.
Вайна застала Веру на пашы: яна працавала ў “наймічках” у заможнага селяніна ў в. Засімы, куды аддаў яе з братам дзядзька.
Раніцай 22 чэрвеня, як звычайна, я пагнала статак на пашу. Праз якую гадзіну неба пачало разрывацца нейкімі незвычайнымі гукамі. Затым паявіліся самалёты. З чорнымі крыжамі, яны ляцелі так нізка, што можна было нават разглядзець тых, хто сядзеў у кабіне. Страху я тады не адчувала, бо яшчэ не разумела, што здарылася, - успамінае жанчына.
Як только вораг ступіў на нашу зямлю, беларускі народ, які апынуўся ў акупацыі, пачаў шукаць выйсце, як супрацьстаяць навале. Пачаў зараджацца партызанскі рух, у тым ліку і на Кобрыншчыне.
- Мой брат хутка наладзіў сувязь з партызанамі, - згадвае жанчына. – У час выканання чарговага задання фашысты схапілі Паўла каля чыгуначнага вузла і на месцы расстралялі. Яго прозвішча назаўсёды ўпісана ў кнігу “Памяць”.
Пакідаць у сваім доме сястру “бандыта” гаспадары пабаяліся, каб не наклікаць бяды на сваю сям’ю. А куды ісці, Вера не ведала. На шчасце, прыйшлі на дапамогу партызаны. Так яна трапіла ў атрад імя Чапаева і працягнула справу брата.
Дапамагала ўсім, чым магла дапамагчы дзяўчынка-падлетак: прала, гатавала, абшывала, бінтавала параненых, перабірала патроны, хадзіла на заданні.
- Думала заўсёды пра брата, што павінна адпомсціць за яго, - выцірае слёзы Вера Сямёнаўна. - Не баялася ніякай работы, можа таму, што яшчэ падлеткам была, адчайнай, не думала пра варожую кулю ці пра тое, што і сама магу трапіць у фашысцкія рукі.
Многія з тых, з кім звязаў лёс Веру Маскаленка ў атрадзе, не дажылі да Перамогі – загінулі пры выкананні заданняў, некаторыя памерлі на яе руках ад куль. Так, тварам у твар, дзень у дзень дзяўчына сустракалася са смерцю.
У атрадзе яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Фёдарам, ураджэнцам Данецка, які пасля вызвалення Беларусі пайшоў на фронт і дайшоў да Берліна.
Пры кожнай сустрэчы з вучнямі Вера Маскаленка паўтарае:
- Колькі б вы не глядзелі фільмаў, колькі кніг пра вайну не чыталі, колькі б не слухалі аповедаў жывых сведкаў, усё роўна да канца не зможаце адчуць увесь яе жах, ды і не трэба гэтага вам, проста яшчэ раз паслухайце нас і зрабіце для сябе высновы. Жывіце ў згодзе.
Алена БАКУН.
Поделиться в соцсетях: