Пн, 04 ноября 2024
Прогноз погоды

Жывёла – не цацка!

19/04/2010

…Дажджлівым веснавым вечарам у Кобрыне на вуліцы Дружбы спынілася чорная іншамарка. Моўчкі з яе выйшлі двое хмурных мужчын і адкрылі багажнік. З цемры яны дасталі шчаня і выкінулі на дарогу.- Не прападзе, падбярэ хто-небудзь, - праз зубы сказаў адзін з мужчын, і аўтамабіль таропка ад’ехаў...На жаль, такія сумныя выпадкі ў Кобрыне адбываюцца. Набываючы сабаку ці ката, некаторыя людзі зусім не задумваюцца аб вялікай адказнасці за таго, каго прыручылі. Нагуляўшыся з жывой “цацкай”, яны выкідваюць яе, нібыта непатрэбную рэч. Будучыня ў жывёлы ў гэтым выпадку незайздросная. Аднак гэта зусім не хвалюе гора-гаспадароў.Таксама непрыемна здзіўляюць і іншыя паводзіны грамадзян. Замест таго, каб прыняць усе меры для належнага ўтрымання сваіх любімцаў, уладальнікі службовых парод сабак выпускаюць іх за агароджу на прагулку. Ці магчыма ў гэтым выпадку прадказаць, як адрэагуе, напрыклад, магутны волат-ратвейлер, у генах якога закладзены вартавыя і байцовыя інстынкты, на гуляючых побач дзяцей ці веласіпедыстаў?Паводле інфармацыі майстра КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Сяргея Банецкага, сёлета ў Кобрыне ўжо было зафіксавана сем фактаў укусаў жывёламі людзей. На сяле ў большасці выпадкаў безнаглядныя сабакі знішчаюць хатніх птушак ці дробную жывёлу. А потым гаспадары “драпежнікаў” робяць, як кажуць, “вясёлую міну пры дрэннай гульні”. Як, напрыклад, адна з жыхарак вёскі Буховічы. Яе Шарык пацягнуў некалькі чужых курыц. А жанчына абурылася на папрокі, маўляў, які ж гэта сабака, што не здолее знайсці сабе харчаванне?..Законам прадугледжваецца, што ўладальнікі чатырохногіх сяброў, якія маюць у карыстанні зямельны ўчастак, могуць утрымліваць іх у вольным выгуле толькі на добра агароджанай тэрыторыі ці на прывязі. Аб наяўнасці такой жывёлы неабходна зрабіць адпаведны папераджальны надпіс на варотах. Парушэнне гэтых норм прадугледжвае адміністрацыйную адказасць – папярэджванне ці накладанне штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь. За такое ж парушэнне, якое ў выніку прынесла шкоду ці пагаршэнне здароўя людзей або маёмасці, накладаецца штраф у памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь ці нават адміністрацыйны арышт. Усе справы такога кшталту разглядаюцца судом Кобрынскага раёна.Паводле існуючых санітарных і ветэрынарных правілаў, якія зацверджаны Міністэрствамі аховы здароўя і сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, сабакі і каты, якія знаходзяцца на вуліцы ці ў грамадскіх месцах без асобы, якая суправаджае, падлягаюць знішчэнню. Трэба памятаць, што сабака (асабліва службовых і байцовых парод) павінен абавязкова выгульвацца ў намордніку і на кароткім павадку пад пільным наглядам гаспадара. Дарэчы, сам выгул патрэбна ажыццяўляць у строга адведзеных месцах. У Кобрыне рашэннем райвыканкама ад 25 жніўня 2005 года вызначаны адпаведныя тэрыторыі - левы бераг ракі Кобрынка ад вул. Гранічнай да вул. Дружбы, левы бераг канала Бона да ракі Мухавец, за выключэннем раёна моста па вул. Дзяржынскага, па сто метраў у абодва бакі і сквера імя Герояў-танкістаў, правы бераг ракі Мухавец ад в. Вялікія Лепясы да чыгуначнага моста, за выключэннем зон адпачынку, і левы бераг ракі Мухавец (у раёне былога Спаскага манастыра). У астатніх месцах выгул забаронены!На сённяшні дзень праблема бадзяжных жывёл па-ранейшаму стаіць востра. У Кобрыне можна ўбачыць шмат катоў і сабак, у якіх ніколі не было гаспадароў.Як паведаміла намеснік дырэктара па інфармацыйнай рабоце КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Святлана Раманюк, у Беларусі ў апошні час атрымалі сваё развіццё так званыя прытулкі для жывёл. У Кобрыне такую структуру стварыць магчыма, тым больш што вопыт іх функцыяніравання ў краіне ёсць. Але для гэтага патрабуюцца сур’ёзныя фінансавыя сродкі не толькі з раённага, абласнога, але і з рэспубліканскага бюджэтаў, штаты спецыялістаў, ветэрынарных урачоў і інш.Раман МЕЛЬНІК.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу