Якой павінна быць дзіцячая пляцоўка, каб дзецям на ёй было на самай справе цікава? Жыхар пасёлка Птушкафабрыка Вадзім Главацкі ўпэўнены – у першую чаргу яна павінна быць незвычайнай. Так па яго ініцыятыве і з дапамогай мясцовых жыхароў у пасёлку вырас вялікі драўляны карабель, які ўжо зараз нібы магнітам прыцягвае мясцовых дзяцей.
- Калі мы паглядзім на самы распаўсюджаны варыянт дзіцячай пляцоўкі, то ўбачым некалькі ярка пафарбаваныя жалезныя канструкцыі, ці аднатыпныя драўляныя гарадкі, - расказвае Вадзім Главацкі. – Між тым дзіцячае разуменне шчасця значна адрозніваецца ад нашага. Дзяцей не вабіць стандарт, а пляцоўкі, створаныя толькі дзеля спакою дарослых, дзе дзеці цалкам абмежаваныя ў сваёй прасторы, не вучаць самазахаванню і адказнасці, не развіваюць індывідуальнасць і пазбаўляюць свабоды выбару.
Так нарадзілася ідэя карабля, якую Вадзім рэалізаваў разам з мясцовымі мужчынамі. Матэрыял для палубы прадаставіла ПУВП “Анюта”, а на абшыўку бартоў склаліся ўсім пасёлкам. Пачыналі работу ўчацвярых - разам з Сяргеем Філіманюком Вадзім насцяліў палубы, Мікалай Блядай дапамог абшыць барты, а Павел Кардзялюк – зрабіць каркас, на розных этапах падключаліся і іншыя жыхары. Паказальны факт: з самых першых крокаў будоўля імгненна захапіла дзяцей, якія разам з дарослымі старанна пілавалі, стругалі, закручвалі самарэзы – адным словам, прымалі дзейсны ўдзел, а разам з тым атрымлівалі карысныя навыкі работы з інструментам. Хаця карабель яшчэ цалкам не закончаны, ужо сёння ён выглядае вельмі рэалістычна – касы нос, нацягнутыя барты, сматравыя вокны і вялікія трумы, па якіх можна доўга і весела лазіць, сходні і нават штурвал, стоячы за якім можна адчуць сябе сапраўдным капітанам. Прынамсі, адным караблём справа не абмяжоўваецца. Ужо зараз побач з ім пачынаюць праяўляцца контуры новага плэйграўнда – драўлянага гульнявога комплексу, які будзе завершаны ў бліжэйшы час.
Як адзначае Вадзім Пятровіч, зрабіць нешта падобнае для сваіх дзяцей можа кожны – такія інсталяцыі на самай справе патрабуюць больш працы, чым грошай. Ён упэўнены - менавіта такія крэатыўныя пляцоўкі, якія не проста “займаюць” дзяцей, а даюць ім магчымасць уключыць фантазію пры выбары гульнявога сцэнарыя, “праверыць сябе на трываласць”, а значыць – глыбей пазнаць навакольны свет, з’яўляюцца для падрастаючага пакалення самымі прывабнымі. Так дзякуючы шчырай працы мясцовых жыхароў у дзяцей яшчэ аднаго куточка нашай Кобрыншчыны з’явілася цікавае і незвычайнае месца, якое, можна быць упэўненым, адцягне іх ад віртуальнай рэальнасці на карысць актыўнага жыцця.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Вадзім Главацкі каля штурвала свайго карабля.
Поделиться в соцсетях: