Іголкай, нібы пэндзлем, вышывае…
Каля работ майстрыхі з Павіцця Анастасіі Тарасюк у час тэатралізаваных падворкаў на Дзень горада нельга было не спыніцца: настолькі яны былі яскравымі, і здавалася, што не вышыты крыжыкам, а намаляваны рознакаляровымі нітачкакамі. Таму мы не сталі адкладваць наш візіт у Павіцце ў доўгую скрыню, каб бліжэй пазнаёміцца з жанчынай, у якой, сапраўды, “залатыя” рукі. Анастасія Іванаўна сустрэла нас у двары з унучкамі. Запрасіла ў хату, а там усюды вышытыя сурвэткі і ручнікі.- Пачала я вышываць у дзяцінстве, навучыла мяне маці. Акрамя гэтага, умею вязаць і шыць, але вышыванне займае асаблівае і галоўнае месца. Кожная дзяўчына рыхтавала сабе пасаг, калі ішла замуж. На другі дзень вяселля ўжо ў мужа даставалі вышытыя ручнікі, сурвэткі і лічылі, колькі чаго прывезла нявеста, - расказвае гаспадыня.Калі Анастасія Тарасюк працавала ў калгасе заатэхнікам і селекцыянерам, часу на вышыванне асабліва не было, але дочкі не засталіся без ручнікоў на вяселлях. З выхадам на заслужаны адпачынак вольнага часу стала больш. Захацелася папрацаваць для душы, а калі заўчасна памёр муж і перажыванні захліснулі, вышыванне дапамагала гаіць душэўныя раны.
- У мяне быў вельмі добры муж, – з асаблівай пяшчотай расказвае мая субяседніца. – Ён быў майстар на ўсе рукі: будаваў, слясарыў, мы і вялікую гаспадарку трымалі. А пасля таго як захварэў, падзяліў усё паміж дочкамі. У мяне застаўся толькі агарод, але на ім маю ўсё: агуркі, памідоры, маліну, сланечнікі, кавуны ды шмат чаго яшчэ.Аднойчы Анастасія Іванаўна ўбачыла вялікую вышытую ікону і загарэлася жаданнем паўтарыць шэдэўр. Свой намер выказала брату свяшчэнніку, але той сказаў, што патрэбна благаславенне бацюшкі з таго прыходу, куды ходзіць жанчына. Атрымаўшы дазвол, майстрыха пачалала працаваць. Карпатлівая работа заняла не адзін месяц, але атрыманы вынік здзіўляе. Пасля ўдалай работы жаданне вышываць іконы ўзмацнілася, і сёння жанчына мае пяць такіх работ.- Неяк я падлічыла колькасць гадзін, якія вышывала адну з ікон, і падзяліла на сем, каб разлічыць колькасць затрачаных дзён. Дык атрымалася 56 дзён!Вышывае Анастасія Тарасюк пастаянна, заседжваецца да двух-трох гадзін ночы і кажа, што не адчувае стомы, асабліва, калі пад іголкай і ніткай біблейскі сюжэт.Сваё ўменне перадала майстрыха не толькі дочкам, але і ўнучкам. Напрыклад, Дзіяна, якой толькі адзінаццаць, прыходіць да бабулі, калі тая працуе, сядае побач і займаецца сваёй вышыўкай. Некаторыя сюжэты навалачак або ручнікоў жанчына кампануе, падглядвае ў часопісах, штосьці знаходзяць унучкі ў інтэрнэце.Хочацца пажадаць Анастасіі Тарасюк пастаяннага натхнення і новых цікавых сюжэтаў.Людміла ПАШКОВІЧ. НА ЗДЫМКУ: Анастасія Тарасюк з унучкамі Дзіянай і Наталляй у акружэнні сваіх работ. Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: