З вялікай літары Настаўнік…
Заслужаная настаўніца БССР Надзея Антонаўна Плотка сустрэла мяне як сапраўдны педагог: нават у 90 гадоў жанчына выглядае так, быццам толькі што вярнулася з урокаў. Дома па-настаўніцку пануе парадак, а на стале – прыгожы букет руж – напамін аб адзвінеўшым свяце саліднага юбілею, на шафе – паштоўка з вялікай лічбай – 90. Надзея Антонаўна з жартам заўважыла, што родныя не маглі ў Кобрыне знайсці віншавальную паштоўку менавіта з такім юбілеем.Пасля, размясціўшыся за сталом, былая настаўніца паведаміла мне свой жыццёвы шлях, поўны розных здарэнняў, акалічнасцяў і жаночага шчасця.Родам наша гераіня з Гомельскай вобласці. У 1940 годзе закончыла сем класаў, а ў 1941-м, калі пачалася вайна, сям’я, можна сказаць, цудам выехала ў эвакуацыю ў Краснаярскі край. Там дзяўчына закончыла школу і курсы, атрымаўшы спецыяльнасць лабаранта дражджавой вытворчасці. Ішоў час, і ў 1944-м, калі Гомель быў вызвалены ад фашыстаў, сям’я вярнулася на радзіму, а Надзеі Антонаўне прыйшлося застацца – не хапала працоўных кадраў.Туга па роднай зямлі ўсё ж такі перамагла. Заставалася толькі адна магчымасць вярнуцца – паступіць куды-небудзь. На той момант у Гомель з эвакуацыі вярнуўся педагагічны інстытут, што і вырашыла далейшы лёс дзяўчыны. Надзея Антонаўна паступіла на фізіка-матэматычны факультэт, таму што яшчэ са школьных гадоў, калі дзядзька дапамагаў рыхтаваць хатнія заданні, з’явіліся любоў і здольнасць да гэтых дысцыплін.Па размеркаванні дзяўчыну адправілі ў Ганцавічы, там яна і пазнаёмілася з будучым мужам Пятром Якаўлевічам – на той момант сакратаром райкама камсамола. А паколькі Надзея Антонаўна была камсамолкай, то яны хутка пасябравалі, а праз год ажаніліся.Пасля жыццё закруцілася: пераводзілі мужа – пераязджала з ім і наша гераіня, нарадзіліся дзеці Валянцін і Наталля. Сям’я жыла ў Малоткавічах, Антопалі і толькі ў 1962 годзе пераехала ў Кобрын.- Спачатку працавала ў сярэдняй школе № 1, - расказвае Надзея Плотка. – З 1963 па 1973 гады працавала ў СШ № 5, ад якой у мяне засталіся самыя светлыя ўспаміны: выдатны калектыў і выдатныя дзеці.Пасля амаль пятнаццаць гадоў працавала завучам у СШ № 6. Як прызналася Надзея Антонаўна, там было складаней, але яна спраўлялася. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак.Шмат займалася з дзецьмі звыш школьнай праграмы – па заданнях інстытуцкага ўзроўню, вяла матэматычныя гурткі.Доўгі педагагічны лёс прынёс нашай гераіні і шэраг узнагарод: “Выдатнік народнай асветы”, медаль “За працоўную доблесць”, ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР” (1967 г.), “Ветэран працы” (1982 г.), была дэлегатам Усебеларускага з’езда настаўнікаў. Усе ўзнагароды настаўніца беражліва захоўвае ў скрыначцы побач з узнагародамі свайго ўжо нябожчыка мужа, з якім Надзея Антонаўна пражыла ў шлюбе 63 гады.Дзеці і ўнукі атрымалі добрую адукацыю. Не дае сумаваць Надзеі Антонаўне і сацыяльны работнік Наталля Мартынюк, якая як след выконвае сваю працу, прыходзячы тройчы на тыдзень.Святкаванне юбілею, які адзначыла Надзея Плотка, дапамаглі арганізаваць дзеці. Ёй было вельмі прыемна, што на свята завіталі былыя вучні. Застаецца пажадаць Надзеі Антонаўне моцнага здароўя і заўжды быць прыкладам для людзей, якія знаходзяцца побач.Людміла ПАШКОВІЧ.НА ЗДЫМКУ: Надзея Плотка.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: