Кіраўніку, спартсмену, асобе
Бывае так, што адыходзіць ад нас чалавек, але нязгаснае полымя яго энергіі, якую ён уліваў у кожную сваю ініцыятыву, працягвае жыць і натхняць людзей на новыя і новыя поспехі і дасягненні. Менавіта такім быў былы дырэктар Кобрынскага хлебазавода Мікалай Напрэеў. Валейбольны турнір, прысвечаны яго памяці, даўно стаў неадрыўнай часткай спартыўнага і грамадскага жыцця Кобрыншчыны. Чарговая, 12-я сустрэча, якая прайшла ў мінулыя выхадныя ў залах Кобрынскай КСДЮШАР і РФАУ “Атлант”, зноў сабрала аматараў, ветэранаў, прафесіяналаў і проста прыхільнікаў гэтага імклівага і відовішчнага віду спорту.
- Вельмі прыемна, што сёння на нашай Кобрыншчыне столькі нераўнадушных людзей, - адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Сёння ў гэтай зале сабраліся родныя і блізкія Мікалая Напрэева, тыя, каму давялося з ім працаваць, хто помніць гэтага чалавека і яго справы.
І памяць жыве. Як адзначалі на турніры сябры і калегі Мікалая Напрэева, пры жыцці ён быў на самай справе шматграннай асобай і здолеў пакінуць светлы след у самых разнастайных сферах. Выдатны сябар, стваральнік калектыву з моцнымі і выдатнымі традыцыямі, якія і сёння існуюць на прадпрыемстве, аматар спорту і турызму, ён спалучаў у сабе велізарную колькасць самых разнастайных захапленняў і, здавалася, адным сваім існаваннем запальваў вакол самае сапраўднае полымя энергіі і энтузіязму. Ва ўрачыстай атмасферы пад апладысменты прысутных кветкі ўдаве, Вользе Мікалаеўне, уручыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.
Усяго ў турніры прынялі ўдзел 6 каманд: Кобрынскага хлебазавода, райвыканкама “Вертыкаль”, ветэранаў валейбола, зборныя каманды Кобрына, Кобрынскай СДЮШАР і каманда ветэранаў з Ковеля, які з’яўляецца горадам-пабрацімам нашага Кобрына. Можна сказаць, што турнір памяці Мікалая Напрэева выйшаў на міжнародны ўзровень.
Адкрылі спартыўную серыю сапраўдныя “зубры” турніру – каманда ветэранаў валейбола і каманда “Вертыкаль” Кобрынскага райвыканкама. Ужо пасля першых хвілін матча стала зразумела: лёгкай перамогі не атрымае ніхто. Каманды літаральна ішлі “мяч у мяч”, а калі ў кагосьці атрымівалася браць перавагу, то сапернік, імгненна мабілізаваўшыся, адразу ж перахопліваў ініцыятыву. Трапныя ўдары натыкаліся на моцныя блокі. Часам нават стваралася ўражанне, што, нягледзячы на дастойны ўзрост, некаторыя валейбалісты ўвогуле не кранаюцца зямлі. Не варта і канкрэтызаваць, што матч атрымаўся насычаным і цікавым як для саміх спартсменаў, так і для гледачоў, дарэчы, як і ўсё спартыўнае свята гэтага дня.
Што ж датычыцца пераможцаў, то ў падгрупе ветэранаў лепшымі сталі валейбалісты каманды “Вертыкаль”, другое месца – у зборнай каманды ветэранаў валейбола, трэцяе – у гасцей з Ковеля. У маладзёжнай падгрупе першае месца атрымала каманда Кобрынскага хлебазавода, другое месца заваявала зборная горада, а трэцяе дасталося камандзе Кобрынскай СДЮШАР.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.