Прогноз погоды
Ср, 14 мая 2025

В семье Денисюк со спортом дружат все

19/04/2016

Захопленыя і спартыўныя
У сям’і Дзенісюк са спортам сябруюць усе. Тут добра ведаюць, як станоўча адбіваюцца фізічныя нагрузкі на стане здароўя чалавека, ды і задавальненне, якое прыносяць спартыўныя заняткі, цяжка пераацаніць.
Добрыя спартыўныя навыкі дэманстравалі ў свой час і галава сямейства – Віталій Аляксандравіч, і захавальніца сямейнага ачага – Наталля Васільеўна. Яшчэ ў школьныя гады вызначыліся яны са спартыўнымі перавагамі: ён – выдатны бягун, яна – добрая валейбалістка.
Іх шлюбу ўжо 18 гадоў. Многае змянілася за гэты час. Пасталелі іх жыццёвыя погляды, змяніліся некаторыя арыенціры, але прыхільнасць да спорту засталася.
Наталля працуе ў сярэдняй школе № 3 горада Кобрына настаўнікам пачатковых класаў. Доўгі час у сваіх выхаванцаў яна выкладала ўрокі фізічнай культуры. Карысць ад фізічных нагрузак дэманстравала на ўласным прыкладзе: стройны падцягнуты педагог з добразычлівай усмешкай на твары – што можа быць больш пераканальным. Наталля – удзельнік школьнай спартыўнай каманды, у ліку іншых адстойвае гонар установы ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах. Працягвае фізічна ўдасканальвацца і Віталій. У свае сорак з лішкам гадоў ён выглядае зграбна і мужна.
Не дзіўна, што ў бацькоў, якія з такой прыхільнасцю ставяцца да спорту, дзеці са спартыўнымі задаткамі. Старэйшы Антон, якому не так даўно споўнілася пятнаццаць гадоў, не ўяўляе свайго жыцця без футбола. Юнак не першы год наведвае секцыю па гэтым відзе спорту ў Кобрынскай КДЮСШАР. У складзе футбольнай каманды ўстановы бароніць гонар Кобрыншчыны на розных узроўнях. Аб паспяховым удзеле  ў футбольных паядынках сведчаць медалі і граматы, якія Антон атрымаў у свой час і цяпер беражліва захоўвае ў сямейным партфоліа. Там жа знаходзяцца і ўзнагароды, якія здабылі ў спартыўных спаборніцтвах малодшыя члены сям’і  - трынаццацігадовы Арцём і  дзесяцігадовая Дар’я. Перавагі Арцёма – футбол і баскетбол, Даша ж пайшла па слядах бацькі і рэалізуецца як спартсменка ў лёгкай атлетыцы. Апошнім часам дзяўчынка зацікавілася турызмам.
У самага маленькага члена сям’і, пяцігадовага Арсенія, узнагарод пакуль няма, але ўжо зараз відавочна яго ўменне хутка бегаць. Напэўна, пройдзе час,  і малы будзе дэманстраваць не горшыя спартыўныя паказчыкі, чым яго родныя.
Цікава, што кожны з юных членаў сям’і Дзенісюк спрабаваў сябе ў розных сферах. У сямейным партфоліа, пра якое ўжо вялася гаворка, сведкі гэтых творчых пошукаў захаваліся ў выглядзе грамат і сувеніраў. Але кожны з іх, калі па той ці іншай акалічнасці аказваўся перад выбарам, рабіў яго на карысць уласнаму здароўю.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: дружная сям’я Дзенісюк.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости