Прафесійны хакей высокага ўзроўню, глядзець які кабрынчане атрымалі магчымасць пасля будаўніцтва лядовай арэны, - без сумненняў, відовішча вельмі цікавае і эмацыянальнае. Аднак калі на лядовую пляцоўку выходзяць дзеці, якія толькі пачынаюць свой спартыўны шлях, то да звычайных эмоцый ад спорту дадаецца яшчэ адно задавальненне – за наша будучае пакаленне, якое ўжо зараз выбірае для сябе здаровы лад жыцця.
Менавіта такое відовішчнае мерапрыемства адбылося падчас веснавога міжнароднага турніру па хакеі з шайбай сярод юніёраў 2003–2004 гадоў нараджэння, які нядаўна прайшоў у Кобрыне. Акрамя каманд з Брэста, Салігорска, Гомеля, Бярозы, Жлобіна, нашу зямлю наведалі і юныя хакеісты з Кіева. Што ж датычыцца кабрынчан, то гонар рэгіёна абаранялі адразу дзве каманды – 2003-га і 2004-га гадоў нараджэння. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства прыняў удзел начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама Васіль Знахарчук.
Сярод балельшчыкаў – як, мабыць, падчас любых спартыўных мерапрыемстваў з удзелам юных спартсменаў - самую актыўную катэгорыю стваралі бацькі маленькіх хакеістаў. Вось яны – з заміраннем сэрца сочаць за сваімі дзецьмі, суправаджаюць вачамі кожную перадачу, радуюцца забітым шайбам… Што кіруе бацькамі, якія аддаюць сваіх дзяцей у хакейныя секцыі? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да Ірыны Тукмачовай з горада Салігорска, якая прыехала на турнір разам са сваім сынам Уладзікам.
[gallery link="file" order="DESC" columns="2"]
- Хочацца, каб мой сын вырас сапраўдным мужчынам, які не будзе баяцца цяжкасцяў і зможа пераадолець усе жыццёвыя перашкоды. Не ведаю чаму, але мне хакей заўсёды здаваўся спортам, які выхоўвае менавіта такія мужчынскія рысы характару, як воля да перамогі, адвага, цярпенне… Зразумела – здараецца ўсякае, не рэдкасць і сінякі пасля трэніровак і матчаў, але гэта як у жыцці, трэба быць гатовым да ўдараў лёсу і мець мужнасць іх пераадолець.
Трэба адзначыць, што вялікую волю да перамогі і энтузіязм прадэманстравалі ўсе ўдзельнікі турніру. Аднак у любым спорце заўсёды ёсць пераможцы – у гэты раз першае месца дасталося камандзе Бярозы, другое атрымалі кабрынчане 2003 года нараджэння, а трэцяе заваявала каманда з горада Жлобіна.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: