Трое жыхароў горада Кобрына былі затрыманы пры выездзе з вёскі Пецькі. У машыне аказаліся рыбалоўныя сеткі, гумовая лодка і 15 мяшкоў рыбы агульнай вагой 200 кілаграмаў.
Як паведаміў намеснік начальніка Брэсцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзмітрый Мурын, устаноўлена, што ў сетках было 869 штук карася серабрыстага, 71 шчупак, 15 сомікаў і тры ліні.
Агульны ўрон ацэньваецца ў 797,4 базавых велічыні(79 млн. 740 тыс. рублёў).
- Зыходзячы з таго, што на дадзены момант дзейнічае забарона на лоўлю рыбы, урон налічаны згодна з пунктам 1.4 дадатку да Указа Прэзідэнта №580 - у трохразовым памеры, - адзначае Дзмітрый Мурын.
На дадзены момант справа перададзена Следчаму камітэту Жабінкаўскага раёна, на тэрыторыі якога была вылаўлена рыба.
Як паведамілі ў міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету, гэта самая буйная партыя незаконна вылаўленай рыбы ў вобласці, канфіскаваная ў браканьераў з пачатку года.
Настасся ЗАНЬКО.
Поделиться в соцсетях: