20 сакавіка ў раёне былога ваеннага гарадка, на будаўнічай пляцоўцы недалёка ад Свята-Увядзенскага храма, адзін з работнікаў ААТ “Будкомплекс” заўважыў, што на паверхні свежавыкапанай глебы выдзяляюцца невялікія прадметы, пакрытыя ржой. Знаходкі былі вельмі падобныя на боепрыпасы. Усе работы адразу спыніліся. На месца здарэння выклікалі прадстаўнікоў Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята, РАНС, а таксама спецыялістаў Брэсцкай сапёрна-піратэхнічнай групы в/ч 5526 Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Высветлілася, што коўш экскаватара выкапаў… запалы ад савецкіх ручных гранат часоў Вялікай Айчыннай вайны. Як нам паведаміў кіраўнік сапёрна-піратэхнічнай групы старшы прапаршчык Юрый Сіліч, боепрыпасы нягледзячы на тое, што праляжалі ў зямлі прыкладна семдзесят гадоў, усё яшчэ тояць вялікую небяспеку. Юрый Рыгоравіч лічыць, што, магчыма, менавіта тут у часы Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся склад.
Паводле слоў намесніка ваеннага камісара Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята падпалкоўніка Вячаслава Бурака, сёлета сапёрна-піратэхнічная група з Брэста ўжо шосты раз наведвае Кобрын па трывожных выкліках. Дарэчы, адно паведамленне ў кампетэнтныя органы ініцыявалі навучэнцы мясцовых сярэдніх школ, якія знайшлі ў лесапаласе па вул. Верталётнай міну часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вячаслаў Анатольевіч паведаміў, што будаўнічыя работы не пачнуцца да той пары, пакуль з зямлі не дастануць усе небяспечныя знаходкі. Пасля гэтага запалы будць знішчаны сапёрамі на палігоне.
[gallery link="file" order="DESC" columns="2"]
Супрацоўнікі Кобрынскага раённага ваеннага камісарыята ў чарговы раз нагадваюць, што калі знойдзены такія рэчы, ні ў якім выпадку нельга кранаць іх і тым больш разбіраць ці перавозіць у іншае месца, захоўваць, самастойна знішчаць, падпальваць. Неабходна адразу ж прыняць меры па абмежаванні доступу людзей да небяспечнага месца і тэрмінова паведаміць аб здарэнні ў органы ўнутраных спраў, РАНС ці па тэлефоне 2-23-56 Кобрынскага РВК.
Раман Мельнік.
Фота аўтара.
На здымку: вось такі “скарб” праляжаў у зямлі амаль семдзесят гадоў.
Поделиться в соцсетях: