Штогод у снежні ў Кобрынскім ліцэі сферы абслугоўвання праходзіць фестываль мастацкай самадзейнасці “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”. У межах фестывалю адбываюцца тры тэматычныя конкурсныя праграмы, якія даюць магчымасць маладым людзям праявіць свае творчыя здольнасці ў розных жанрах. Нягледзячы на тое, што праграмы конкурсныя, журы не вызначае пераможцаў. Да такога рашэння яго арганізатары ў складзе куратараў груп і майстроў вытворчасці прыйшлі ў працэсе работы.
Як адзначыла педагог дадатковай адукацыі, педагог па вакале і адна з арганізатараў мерапрыемства Вольга Дзенісюк, мэта фестывалю – падтрымаць ініцыятыву навучэнцаў, стварыць умовы для рэалізацыі іх талентаў, а адсутнасць элемента спаборніцтва надае смеласці для праяўлення такой ініцыятывы. І ўсё ж у конкурсныя канцэрты трапляюць толькі самыя цікавыя і творчыя нумары.Сведчаннем гэтага быў другі этап фестывалю пад назвай “Хвіліна славы”. Увазе гледачоў, сярод якіх былі не толькі навучэнцы ўстановы, але і іх родныя, было прадстаўлена каля 20 нумароў: эстрадныя песні, ігра на музычных інструментах, інсцэніроўкі і іншыя. Ёсць у ліцэі і бітбоксеры. Навучэнец групы 238 Ігар Бойка ўразіў аўдыторыю майстэрствам выканання твора ў гэтым стылі. Сярод удзельнікаў былі і вопытныя артысты. Навучэнка групы 243 Юлія Багнюк неаднаразова адстойвала гонар роднай установы на шматлікіх гарадскіх мерапрыемствах, у конкурсах і канцэртах. Выклікалі на “біс” з песняй “Будзе светла” навучэнца групы 250 Данііла Чапайлу.
Упершыню ў межах фестывалю ў ліцэі праводзіцца выстава навагодніх ёлак “Крэатыў”. Больш за дваццаць творчых работ прадставілі на суд гледачоў навучэнцы ўстановы. Навагоднія ёлкі з прыроднага матэрыялу, другаснай сыравіны, з тканіны і папяровыя радуюць вока ўсіх наведвальнікаў ліцэя.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: