Ср, 11 сентября 2024
Прогноз погоды

В Кобрине впервые состоялись матчи хоккейной экстралиги.

29/01/2013

Мінулыя выхадныя сталі святам для спартыўных балельшчыкаў. У суботу лядовая арэна гасцінна прымала на кобрынскім лёдзе чарговыя матчы  Шостых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, у якіх прынялі ўдзел хакеісты з Брэста і Магілёва. Таксама на лёд выйшлі хакейныя каманды “Брэст-2”  і “Гомель-2”, якія аспрэчвалі лідарства ў рэйтынгавай гульні.

А ў нядзелю  ў Кобрыне выступалі каманды хакейнай экстралігі – ХК “Брэст” і ХК “Віцебск”. Дарэчы, матч такога ўзроўню праводзіўся ў нашым горадзе ўпершыню.

Як адзначыў намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ХК “Брэст” Дзмітрый Мартысевіч, у складзе яго каманды - сапраўдныя “зоркі” айчыннага спорту, такія, як, напрыклад, неаднаразовы чэмпіён Беларусі, уладальнік міжкантынентальнага кубка па хакеі Раман Раманенка. Гэты ігрок у чэмпіянатах экстралігі забіў 200 шайб у вароты сапернікаў. Дзмітрый Сцяпанавіч  не выключае, што хтосьці з яго падапечных трапіць у склад зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе.

Актыўна і плённа ХК “Брэст” супрацоўнічае з адміністрацыяй і трэнерамі кобрынскай лядовай арэны. Паводле слоў намесніка дырэктара лядовай арэны Вадзіма Мірашнічэнкі, мясцовым юным хакеістам з боку брэстчан аказваецца ўсебаковая практычная дапамога. Маленькія таленты з Кобрына дзякуючы іх бліскучым перамогам на абласным узроўні ўжо трапілі ў поле зроку кіраўніцтва хакейнага клуба “Брэст”, які зацікаўлены ва ўмацаванні сваіх рэзерваў новымі яркімі маладымі ігракамі.

Інтрыгуюча, горача і жорстка адбываўся матч паміж брэсцкімі і віцебскімі хакеістамі. Цэлы сектар на трыбунах быў запоўнены прадстаўнікамі фан-клуба з горада над Бугам, якія горача падтрымлівалі сваіх спартсменаў. Зусім хутка ў першым перыядзе брэсцкія хакеісты закінулі дзве шайбы ў вароты сапернікаў. Спачатку гульня праходзіла пад дыктоўку ХК “Брэст”. Але госці з Віцебска не здаліся, зраўнялі лік, а потым забілі яшчэ адну шайбу.  У выніку - 2:3.

Як паведаміў інспектар Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь Яўген Мерзлякоў, у хуткім часе будзе вырашацца пытанне аб правядзенні на базе кобрынскай лядовай арэны буйных міжнародных турніраў з удзелам юніёрскіх і маладзёжных зборных каманд.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: момант гульні; фан-клуб ХК “Брэст”.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу