Падарункі, як вядома, бываюць розныя. Карысныя рэчы, памятныя сувеніры, салодкія пачастункі... Але, мабыць, самым прыемным — і самым дарагім заўсёды будуць цёплыя адносіны, выдатны настрой і простая чалавечая добразычлівасць.Менавіта такі цудоўны падарунак атрымалі ўсе госці святочнага мерапрыемства «Калядныя традыцыі ў хрысціянскіх сем'ях», арганізаванага для сваіх падапечных аддзяленнем сацыяльнай дапамогі дома Кобрынскага ТЦСАН сумесна са Свята-Аляксандра-Неўскім саборам, якое адбылося нядаўна ў памяшканні нядзельнай школы.
У саборы прысутнічалі людзі ўсіх узростаў — ад самых маленькіх, наведвальнікаў нядзельнай школы, якія прадставілі гледачам п'есу «Сны ў Калядную ноч» і святочныя песні, да сацыяльных работнікаў і іх падапечных.
Гучалі калядныя песні, віншаванні, уручаліся падарункі. А перад вачамі гасцей свята, нібыта кадры на кінаплёнцы, праносіліся гады іх маладосці, успаміналася дзяцінства... Пажылыя людзі ўспаміналі, як адзначаліся святы ў іх сем'ях, колькі радасці і станоўчых эмоцый прыносіў кожны святочны дзень, дзяліліся ўспамінамі пра мінулае. І, здавалася, не было зусім гэтых пражытых гадоў, кудысьці адступалі праблемы, а душу перапаўняла ўрачыстае і казачнае пачуццё надзеі на самае лепшае...
Як адзначыў Благачынны Кобрынскай акругі, настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага сабора протаіерэй айцец Багдан, калі людзі пажылога ўзросту бачаць адзін аднаго ў добрым здароўі і цудоўным настроі, гэта настройвае на аптымістычны лад. Ну а калі да ўсяго гэтага дабаўляецца незабыўная атмасфера святых вечароў, шчырыя віншаванні і цёплая гутарка, то ўсялякія немачы і хваробы проста павінны адыходзіць самі сабою. Усім прысутным айцец Багдан пажадаў добрага здароўя, выдатнага настрою і выказаў надзею, што з Божай дапамогай такія сустрэчы стануць добрай традыцыяй.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: