У першы дзень восені ў аграгарадку Астромічы прайшоў абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Ён стаў лагічнай часткай раённага свята-конкурсу традыцыйнай культуры “Золата палёў”, прысвечанага завяршэнню ўборачнай кампаніі. Разгарнуліся мерапрыемствы на дзвюх пляцоўках: каля Астроміцкай сярэдняй школы і Астроміцкага цэнтра культуры и вольнага часу.
Святочны фэст пачаўся з ушанавання перадавікоў ААТ “Астромічы”, якое правёў старшыня гаспадаркі Васіль Трошка. Ён падзякаваў работнікам за добрую працу і ўручыў ганаровыя граматы і грашовыя прэміі. Асаблівай узнагароды ад прафсаюза работнікаў АПК была ўдастоена галоўны повар, загадчык сталовай Таццяна Хусюк. Васіль Пятровіч адзначыў, што праца на зямлі – справа агульная, дзе ўсе звязаны паміж сабою, і вынік яе залежыць ад таго, як спрацуе кожны.
– Свята “Золата палёў” паказвае, што нашы людзі ўмеюць як добра працаваць, так і культурна адпачываць, – гаворыць намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – А праект “Уладар сяла” пакажа нам самыя працавітыя, таленавітыя сем’і з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці. Калі ў вёсцы жыве моладзь, можна быць упэўненым: вёска будзе развівацца і квітнець.
Каля Астроміцкай сярэдняй школы вырасла цэлая вёска з адзінаццаці сялянскіх падворкаў сем’яў-удзельніц. Пасля першага конкурсу “Вітаем па-беларуску” гаспадары гасцінна запрашалі ў хату пазнаёміцца з іх сям’ёй праз фотаздымкі, дыпломы і ўзнагароды за розныя спаборніцтвы, ручныя вырабы, пакаштаваць іх фірменныя стравы. Журы выстаўляла балы за афармленне падворка і за кулінарныя здольнасці.
Ацэньваліся сем’і і ў конкурсах "Сялянская эстафета", "Па дровы", "Гаспадары" і "Сямейныя гульні". Удзельнікі спавівалі на хуткасць дзіця-ляльку, прышывалі гузікі, складалі мазаіку, перацягвалі мяхі з бульбай, збіралі ўраджай і калолі дровы. Для журы было важна, як сям’я ўмее разам працаваць, адчуваць і падтрымліваць адзін аднаго.
А тым часам на суседняй пляцоўцы разгарнуўся конкурс-дэфіле народнага касцюма і конкурсы дажыначнай кампазіцыі і каравая. Першае месца свята “Золата палёў” у намінацыі “Дажыначная кампазіцыя” заняў Буховіцкі сельсавет. Дыпломам I ступені ў намінацыі “Каравай-2019” узнагароджаны Батчынскі сельсавет. Пераможцам у намінацыі “Традыцыйны касцюм Кобрыншчыны” стаў Павіццеўскі Дом культуры.
Апошнім акордам конкурснай праграмы праекта “Уладар сяла” стала ўзнагароджанне пераможцаў. За падтрымку праектаў і ініцыятыў “БРСМ” і аказанне садзейнічання ў правядзенні праекта “Уладар сяла” першы сакратар абласнога камітэта РА “БРСМ” Юрый Сегенюк уручыў лісты падзякі Кобрынскаму райвыканкаму і першаму сакратару РК РА “БРСМ” Марыне Паляводзе.
– Праект рэалізуецца з мэтай умацавання сямейных традыцый, традыцый беларускай вёскі, – расказаў Юрый Сегенюк. – Сёння мы ўбачылі прыгожае спаборніцтва добра падрыхтаваных сем’яў, што гаворыць аб высокім узроўні працы раённых камітэтаў з моладдзю.
Сем’і-ўдзельніцы былі ўзнагароджаны ў розных намінацыях. Сям’я Юрыя і Аксаны Марчук з аг. Павіцце стала пераможцам у конкурсе “Гаспадары”. А прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу будзе сям’я Яўгена і Аксаны Гладкіх з Баранавіцкага раёна.
Завяршыўся святочны фэст гала-канцэртам творчых калектываў і асобных выканаўцаў раёна, мультсюрпрызам для самых маленькіх і дыскатэкай.
Ксенія АЛІЗАР.
ФОТА: КСЕНІЯ АЛІЗАР.
Поделиться в соцсетях: