Менавіта гэтыя словы лепш за ўсё перадаюць атмасферу асабістага прыёму грамадзян, які правёў нядаўна старшыня райвыканкама Мікалай Кенда. Нядзіўна, што жадаючых трапіць на прыём заўсёды шмат. Вось і ў гэты раз не паспеў яшчэ наступіць час пачатку прыёму – як у калідоры райвыканкама пачалі збірацца першыя наведвальнікі.
Кожнае пытанне, з якім людзі прыходзілі да старшыні, разглядалася ўсебакова. З гэтай мэтай у прыёме прымалі ўдзел кіраўнікі арганізацый і службаў раёна, а таксама структурных падраздзяленняў райвыканкама. Дзякуючы такой схеме некаторыя наведвальнікі мелі магчымасць атрымаць разгорнуты адказ непасрэдна ў час прыёму, у іншых, больш складаных выпадках, назначаўся разгляд пытання з выездам на месца. Самыя праблемныя пытанні старшыня райвыканкама браў пад свой асабісты кантроль.
Дык з чым жа ідуць людзі да старшыні райвыканкама? Як паказаў ход прыёму, часцей за ўсё грамадзян хвалююць праблемы, звязаныя з добраўпарадкаваннем і жыллём. Так, жыхар вёскі Басяч Мікалай Серада быў занепакоены станам дарог сваёй вёскі, асабліва ў зімовы перыяд. У сувязі з гэтым старшыні Буховіцкага сельвыканкама было даручана кантраляваць работы па ачыстцы вуліц ад снегу і своечасова забяспечваць іх выкананне. Канкрэтны адказ атрымала і жыхарка Дзівіна Ніна Каляда. Яна звярнулася з пытаннем па газіфікацыі вуліцы Кастрычніцкай – і атрымала адказ, што работы будуць выкананы ў кастрычніку бягучага года.
Як адзначалі наведвальнікі, нават у даволі складанай эканамічнай сітуацыі для людзей у нашым рэгіёне сёння робіцца вельмі шмат. Так, амаль поўнасцю выкананы – і пры першай магчымасці будзе завершаны вялікі аб’ём работ па правядзенні каналізацыі ў пасёлку Фруктовым. Як падкрэслілі самі жыхары, гэта – вельмі сур’ёзны этап, які на самой справе выводзіць камфортнасць умоў жыцця для грамадзян на якасна новы ўзровень. Такія станоўчыя прыклады яшчэ раз сведчаць, што пра існуючыя праблемы кабрынчан ніхто не забывае – і пры наяўнасці сродкаў яны паступова вырашаюцца.
- Вельмі хацелася б, каб пры зваротах з асабістымі праблемамі людзі ўлічвалі рэальную сітуацыю ў рэгіёне, - адзначыў напрыканцы прыёму Мікалай Кенда. - Зразумела, не заўсёды сёння ёсць магчымасць зрабіць усё і адразу. На жаль, існуюць і факты, калі людзі прыходзяць на прыём да ўлады не з жыццёвымі праблемамі, якія мы ў стане вырашыць, а са сваімі асабістымі адносінамі і суседскімі канфліктамі – дапамагчы ў якіх можа толькі простая чалавечнасць. Вельмі добра было б, каб чалавек, які прыходзіць на прыём, улічваў рэальны эфект ад вырашэння праблемы не толькі для сябе, але і для сваіх суседзяў, аднавяскоўцаў, для рэгіёна ў цэлым.
Нельга не адзначыць і той факт, што, на жаль, даволі часта людзі ідуць на прыём да старшыні, мінуючы ўсе папярэднія інстанцыі. Хочацца нагадаць, што ў выніку такіх дзеянняў канчатковае вырашэнне праблемы толькі зацягваецца, таму што разглядаць пытанне ўсё роўна будзе даручана тым інстанцыям, у чыёй кампетэнцыі яно знаходзіцца. Звяртацца ж непасрэдна да старшыні райвыканкама будзе рацыянальна ў тым выпадку, калі звароты ў папярэднія інстанцыі не прынеслі жаданага выніку. Менавіта такі парадак азначаны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 года №498.
...Скончыўся чарговы прыём - разышліся, атрымаўшы поўныя і кампетэнтныя адказы, яго наведвальнікі. А значыць, менш стала нявырашаных пытанняў – і яшчэ больш вырашаных праблем.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: