Прогноз погоды
Сб, 19 апреля 2025

Учащиеся кадетских и юридических классов без сомнений готовы встать на защиту своей Родины

10/05/2017

На запаветах пераможцаў

Кадеты и ветеран

Сучасная ваенная прамысловасць, моцная армія, прафесіянальныя камандныя кадры… Усе гэтыя фактары, безумоўна, з’яўляюцца неадрыўнымі элементамі бяспекі любой краіны. Аднак ёсць яшчэ адна падстава ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, якая ў наш няпросты час мае не меншае значэнне. Гэта – адносіны да сваёй Радзімы нашай моладзі і гатоўнасць без сумненняў стаць на яе абарону ў выпадку, калі з’явіцца такая патрэба. Так, як гэта ў свой час зрабілі прадстаўнікі славутага пакалення пераможцаў – нашы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта на такіх запаветах і на памяці аб сваім гістарычным мінулым сёння растуць новыя абаронцы Айчыны, адным з выдатных прыкладаў якіх з’яўляюцца вучні кадэцкіх і юрыдычных класаў дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына.

У гэты веснавы дзень напярэдадні свята Перамогі ў госці да кадэтаў мы завіталі разам з ветэранам вайны Сцяпанам Цімашуком. Здаецца, што над гэтым незвычайным чалавекам, загартаваным франтавым полымем, страціў уладу нават час – цвёрды чысты позірк, трапныя словы, хуткая хада, за якой угоніцца не кожны малады. Толькі калі прыгадваюцца страшныя падзеі вайны, у голасе чуецца сум, над якім не ўладны дзесяцігоддзі мірнага жыцця…

- Называлі нас, “саракапятчыкаў”, проста і страшна:  “Бывай, Радзіма!”, - расказвае Сцяпан Мікалаевіч. – Гармата калібрам 45 міліметраў толькі што называлася супрацьтанкавай. На самай справе ў 1944-м годзе, каб падбіць з яе новыя нямецкія танкі, трэба было вельмі пастарацца. А поле боя – не цір, дзе можна цэліцца доўга і старанна. І гармата, і разлік – такая ж мішэнь. Толькі не абароненая бранёй…

Вось і атрымлівалася, што ішлі “саракапятчыкі” практычна побач з пяхотай, а часта атрымлівалася і так, што літаральна на сябе даводзілася перацягваць і гармату. Пасля штурму Кёнігсберга з усяго свайго разліку, які складаў 7 чалавек, у жывых застаўся толькі Сцяпан Цімашук. Прынамсі, пад канец вайны гарматку, магутнасці якой ужо відавочна не хапала для барацьбы з бранятэхнікай, усё ж такі дапрацавалі – спачатку, каб павысіць бранябойнасць, павялічылі даўжыню ствала, потым і ўвогуле замянілі на 57-міліметровую гармату. Але гэта ўжо крыху іншая гісторыя… Для Сцяпана Мікалаевіча, чыя вайна скончылася пад Пілау, “саракапятка” так і засталася той самай баявой зброяй, побач з якой праляцела самая цяжкая частка жыцця.

Сёння ветэран заўсёды ахвотна ідзе насустрач усім прапановам, якія датычацца патрыятычнага выхавання моладзі. Адным з прыкладаў такой работы з’яўляюцца кадэцкія класы дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына, якія працуюць тут з 2001 года і былі створаны пры былым дырэктары школы Серафіму Сінгалевічу і былым настаўніку дапрызыўнай падрыхтоўкі Валерыю Рогатневу, праз год з’явіліся і прававыя класы. З цягам часу спектр быў пашыраны, і гэтыя накірункі пачалі працаваць не толькі ў 10-11-х, але і ў 7-8-х класах. Як адзначае дырэктар школы Алёна Фігурына, хутка кадэцкія і прававыя класы могуць “памаладзець” яшчэ больш.

- Ваенна-патрыятычная класы, пачынаючы з 7-га класа, маюць дататковы факультатыў па матэматыцы, у 10-11 класах яны вывучаюць на павышаным узроўні або хімію і біялогію, або фізіку і матэматыку, - расказвае Алёна Васільеўна. – Прававыя класы, пачынаючы з 7-га класа, маюць дадатковы факультатыў па рускай або беларускай мове, у старэйшых класах вывучаюць на павышаным узроўні гісторыю і грамадазнаўства.

Зразумела, гэта – далёка не ўсё. Вучні заўсёды прымаюць удзел у ваенна-патрыятычнай змене аб’яднаных саюзных дзяржаў, якая праходзіць у дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Не адстаюць і юныя прававеды – яны пастаянна ўдзельнічаюць у рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда”, якая праводзіцца Акадэміяй унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і сёлета занялі трэцяе месца сярод школ рэспублікі. І кадэты, і вучні прававых класаў даўно сталі своеасаблівай “візітнай карткай” нашага горада – без гэтых прыгожых дзяўчат і мужных хлопцаў у камуфляжнай форме цяжка ўявіць масавыя патрыятычныя мерапрыемствы і святы. Яны свядома і матывавана абіраюць для сябе кар’еру ваенных і абаронцаў правапарадку, пастаянна займаюць прызавыя месцы ў спаборніцтвах і спартакіядах, самаўдасканальваюцца ў творчасці і вучобе, адным словам, жывуць паўнацэнным жыццём, займаюцца ўсебаковым самаразвіццём і актыўна працуюць над сабой, каб стаць годнымі дзецьмі сваёй краіны. Так на запаветах пераможцаў і выдатных гістарычных прыкладах з нашай мінуўшчыны выхоўваецца новае пакаленне патрыётаў і грамадзян, ад якога зусім хутка будзе ў поўнай меры залежаць дабрабыт і спакой нашай Радзімы.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымку аўтара: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Цімашук з вучнямі кадэцкіх і прававых класаў дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу