Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

Учащаяся Кобринского государственного профессионального лицея сферы обслуживания награждена престижным профсоюзным сертификатом

16/12/2011 Молодёжь Конкурсы

Не сакрэт – даволі часта можна назіраць сітуацыю, калі чалавек прыходзіць у навучальную ўстанову толькі для таго, каб праўдамі ці няпраўдамі атрымаць доўгачаканы дыплом. Але, думаю, кожны згадзіцца, што сапраўднае аблічча сучасных навучэнцаў складаюць зусім не яны – а тыя, хто на самой справе аддае ўсе сілы і час авалодванню любімай прафесіяй і дабіваецца ў гэтым заслужаных поспехаў.

Менавіта да апошняй катэгорыі адносіцца наша сённяшняя субяседніца – навучэнка 3-га курса Кобрынскага  дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання Марыя Кашалюк, якая за поспехі ў вучобе нядаўна была ўзнагароджана Сертыфікатам стыпендыята Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў лёгкай прамысловасці і грашовай прэміяй. Як прызнаецца сама Марыя, выбар Кобрынскага ліцэя ў якасці месца навучання для яе быў учынкам, цалкам асэнсаваным.

- Менавіта тут вучылася мая старэйшая сястра, якая вынесла аб навучальнай установе шмат станоўчых уражанняў. Што ж датычыцца спецыяльнасці – “швачка-кравец, сацыяльны работнік”, то мне заўсёды падабалася завіхацца з адзеннем. Да таго ж прафесія швачкі ва ўсе часы будзе карыснай і запатрабаванай. А ў апошні час у мяне пачала развівацца цікавасць і да работы ў сацыяльнай сферы…

Дарэчы, у абедзвюх гэтых спецыяльнасцях Марыя праяўляе сябе з найлепшага боку. Тое ж самае пра яе гавораць і выкладчыкі ліцэя – дзяўчына старанная, імкнецца да дасягнення пастаўленай мэты і дабіваецца поспехаў. Так, у гэтым годзе яна атрымала  дыплом 2-й ступені і памятны прыз за выступленне на абласным конкурсе, прысвечаным Міжнароднаму году лесу, дзе ўдзельнікі прапанавалі на суд журы коўдры з абрэзкаў - квілты.

Не стаіць на месцы самаадукацыя Марыі і ў другой, сацыяльнай сферы. Яна – актыўны ўдзельнік валанцёрскага руху, і разам з іншымі навучэнцамі дапамагае пажылым людзям. Як адзначае сама дзяўчына, такая дзейнасць не толькі рыхтуе да магчымага выбару шляху сацыяльнага работніка ў будучыні, але і вучыць дабрыні, спагадлівасці і міласэрнасці, якія так неабходныя сёння кожнаму з нас.

А ў планах нашай субяседніцы – далейшая вучоба. Наконт канкрэтнай навучальнай установы яна яшчэ не вызначылася, але ўпэўнена, што галоўнае – гэта не спыняцца на дасягнутым. І чамусьці асабіста мне пасля гутаркі з гэтай адкрытай, актыўнай  і мэтанакіраванай дзяўчынай здалося, што ў яе жыцці абавязкова ўсё атрымаецца.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу