Пт, 07 февраля 2025
Прогноз погоды

У старажытна-маладым Кобрыне Брэстчына прымала герояў «Дажынак-2009»

27/09/2009

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА:“Хлеб – самае важнае і галоўнае для краіны”

    Традыцыя адзначаць свята ўраджаю існуе ў беларусаў даўно. Аде на дзяржаўным узроўні яно было адроджана і арганізавана з вялікім размахам у 1996 годзе ў г. Століне. Затым фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі праходзілі ў многіх гарадах рэспублікі. І вось сёлета свята ўраджаю завітала і ў наш Кобрын, які стаў сталіцай “Дажынак-2009”. Надышоў час святкавання. Бадай, яшчэ ні разу наш горад не прымаў столькі гасцей з усіх куткоў Беларусі і нават замежжа. 18 верасня на галоўнай плошчы адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2009” і ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў у 2009 годзе, якія занялі другія і трэція месцы. На сцэну паднімаюцца члены аргкамітэта рэспубліканскага фестывалю-кірмашу і яго старшыня намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Іван Бамбіза. Іван Міхайлавіч павіншаваў пераможцаў спаборніцтва і ўсіх працаўнікоў вёскі са святам дажынак і пажадаў новых творчых перамог. Ён аб’явіў рэспубліканскі фестываль-кірмаш “Дажынкі-2009” адкрытым. Пад урачыстыя гукі музыкі флаг фестывалю падымае пераможца рэспубліканскага спаборніцтва, старшы камбайнер СВК “Нарутовічы” Бярозаўскага раёна Андрэй Каспярчук. Затым намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Іван Бамбіза і міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Сямён Шапіра ўручылі ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю і на нарыхтоўцы кармоў. Узнагароду атрымаў за лепшую фермерскую гаспадарку і прадстаўнік нашага раёна – кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Вілія-агра” Васілій Новік. Старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Г. І. Кузняцоў і міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь П. М. Сямашка ўручылі ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.

    У другой палове дня ў адноўленым прыгожым Палацы культуры сабраліся пераможцы абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, назапашванні кармоў у 2009 годзе. Як адзначыў у сваім выступленні старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, такім шматлюдным, як у гэтыя вераснёўскія дні, Кобрын не помняць нават старажылы. Сёння сюды, у сталіцу рэспубліканскага фестывалю-кірмашу, прыехалі тысячы гасцей, якія разам з намі ўдзельнічаюць у гэтым свяце. І мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб свята атрымалася цёплае і душэўнае. Здаўна хлебаробская праца была асабліва ганаровай, таму што давала людзям аснову жыцця – хлеб. І дажынкі з’яўляюцца вянцом гэтай нялёгкай працы. Сёлета хлебаробы Брэстчыны атрымалі 1244 тысячы тон збожжа, плюс 35 тысяч тон яшчэ з прысядзібных участкаў і фермерскіх гаспадарак. Асаблівыя словы падзякі сёлета атрымліваюць лідары абласнога спаборніцтва. У іх ліку і Кобрынскі раён, які заняў у абласным спаборніцтве трэцяе месца. Вялікі ўклад у гэтую перамогу ўнеслі працаўнікі ААТ “Агра-Кобрынскае”, дзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых складае 62 цэнтнера з гектара, земляробы ААТ “Гарадзец-агра”, дзе валавы збор збожжа дасягнуў 12 тысяч тон. Сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва і нашы экіпажы збожжаўборачных камбайнаў. Гэта старшы камбайнер Мікалай Пакалюк і камбайнер Віктар Данкулінец, старшы камбайнер Васілій Кавалевіч і камбайнер Фёдар Пакалюк з ААТ “Гарадзец-агра”.

    А 19 верасня ўдзельнікі “Дажынак” ганаровай калонай накіраваліся па вуліцах горада на яго галоўную плошчу, каб прыняць узнагароды з рук Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. У сваёй прамове на ўрачыстасцях Аляксандр Рыгоравіч згадаў, што хлеб ніколі не даецца лёгка. Ён патрабуе вялікіх укладанняў, тэхнічных рэсурсаў і вялікай, самаадданай працы.

    Кожны год на збожжавай ніве па-свойму складаны, няпростым быў ён і сёлета. Трэць хлебных угоддзяў краіны ветры паклалі на зямлю і прыкаталі, нібыта катком. І мы справіліся з нялёгкімі выпрабаваннямі і дамагліся працоўнай перамогі, сабралі дастойны ўраджай. Дзякуючы адладжанаму механізму ўборачнай, жніво завершана за 20-25 дзён. Хлебаробы ўправе ганарыцца вынікамі сваёй працы, ва ўсіх катэгорыях гаспадарак валавы збор зерневых і зернебабовых культур склаў 9 мільёнаў тон. Важна, што другі год усе вобласці перавысілі мільённы намалот збожжа, а Мінская дасягнула 2 мільёнаў тон.

    Як і ў мінулыя гады, найбольш высокі ўраджай атрыманы ў Гродзенскай вобласці – звыш 45 цэнтнераў з гектара. Высокі ўзровень культуры земляробства забяспечаны хлебаробамі Брэстчыны. На мінулагодніх “Дажынках” у Оршы была пастаўлена задача: замацавацца на дасягнутых рубяжах. З гэтым паспяхова справіліся земляробы Віцебшчыны, Мігілёўшчыны і Гомельшчыны. Прычым прырост атрыманы ў асноўным за лік росту ўраджайнасці.

    Параўнаўча нядаўна, адзначыў Прэзідэнт, мы ставілі задачу, каб кожная вобласць мела адзін мільён тон зерня, сёння мы аб гэтым ужо забылі, таму што гэта ўжо дасягнуты рубеж.У сучасных умовах, падкрэсліў Прэзідэнт, харчовая стабільнасць мае вялікае эканамічнае і палітычнае значэнне. Мы бачым, наколькі складаная сітуацыя на сусветным харчовым рынку. Колькасць галадаючых у розных краінах свету перавысіла 1,5 мільярда чалавек. Незайздросны лёс тых краін, якія адчуваюць недахоп прадуктаў і вымушаны іх купляць і трапляць у залежнасць ад замежных пастаўшчыкоў. Мы ў свой час вырашылі правільна, калі на другім Усебеларускім сходзе вызначылі прадукты ў ліку прыярытэтаў і паслядоўна рухаліся да намечанай мэты. Наша рэспубліка ўжо прадае на знешні рынак харчовых прадуктаў амаль на 2 мільярды долараў. Краіна перааснасціла гаспадаркі новай тэхнікай, пераважна айчыннай. Сельскім гаспадаркам пастаўлена 13,5 тысячы трактараў, 8,5 тысячы збожжаўборачных камбайнаў, 1200 корманарыхтоўчых камбайнаў, 6,5 тысячы грузавых аўтамабіляў. Галоўнае, што айчынная сельгастэхніка становіцца ўсё больш якаснай. На сённяшні дзень тэхналагічны ланцужок сельгасвытворчасці забяспечваецца пераважна айчыннай тэхнікай. Больш як 70 працэнтаў сістэм і машын прадстаўлена маркай “Зроблена ў Беларусі”. Насеннем беларускай селекцыі засяваецца каля 80 працэнтаў плошчаў збожжавых.

    Дадатнае развіццё аграпрамысловага комплексу дазволіла ўдзяліць больш увагі сацыяльнай сферы вёскі. За апошнія некалькі гадоў тут пабудавана 33 тысячы дамоў і кватэр агульнай плошчай 2,5 мільёна квадратных метраў. Уявіце, што ў гэта жыллё можна было пасяліць два Кобрыны. Пабудавана і адрамантавана больш як 9 тысяч кіламетраў дарог. Адметныя такія факты, як адкрыццё на вёсцы 263 гандлёвых аб’ектаў, 280 комплексных прыёмных пунктаў бытавога абслугоўвання насельніцтва, 582 дзіцячых садоў-школ, 160 новых устаноў культуры, медыцынскім абсталяваннем аснашчаны 580 урачэбных амбулаторый, створана каля 100 тысяч новых рабочых месцаў. Цяперашні стан агракомплексу дазваляе ставіць перад ім больш складаныя і маштабныя задачы. Аснова далейшага развіцця – павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, дасягненне ўзроўню рэнтабельнасці 25-30 працэнтаў.Канкрэтызуючы гэтую задачу, Прэзідэнт краіны адзначыў, што паступова, дакладней, з новай пяцігодкі дзяржава будзе займацца дзяржаўнымі праектамі, а не датацыямі сельгасвытворцаў. Тая база, якая будзе створана да канца пяцігодкі, павінна забяспечыць самафінансаванне сельскай гаспадаркі. Дзяржава, канечне, будзе ўкладваць грошы ў гэтую галіну, але толькі на рэалізацыю адпаведных дзяржаўных праграм. Даіць, паіць, атрымліваць і прадаваць прадукцыю – задача аграрыяў.

    Мы павінны адраджаць землі, таму што ў нас далёка не так усё добра, адзначыў кіраўнік дзяржавы. У Беларусі ёсць гаспадаркі, якія працуюць на ўзроўні ці нават лепш, чым у Еўропе. Але шмат дзе яшчэ не навучыліся працаваць так. Для дасягнення высокіх арыенціраў у першую чаргу неабходна энергічнае ўкараненне інавацый развіцця агракомплексу. Прыклад гэтага падаюць нашы лепшыя гаспадаркі. Трэба зрабіць усё, каб іх вопыт знайшоў паўсямеснае прымяненне. У нас няма часу на раскачку. За бліжэйшыя пяць гадоў трэба рэальна выйсці на еўрапейскі ўзровнь вытворчасці, інтэнсіўна мадэрнізіраваць увесь агракомплекс і ўмела рэагаваць на патрэбы ўнутранага і замежнага рынка. Менавіта на гэта павінна быць нацэлена праграма развіцця вёскі 2011-2015 гадоў, распрацоўка якой ужо вядзецца.

    Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка выказаў словы шчырай удзячнасці ў адрас пераможцаў спаборніцтва на жніве і нарыхтоўцы кармоў, якія дабіліся найлепшых вынікаў, павіншававаў хлебаробаў з перамогай у такой важнай і адказнай справе.

    Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў намаганні ў падрыхтоўцы горада да фестывалю-кірмашу. Горад дастойна падрыхтаваўся да “Дажынак”, сёння, падкрэсліў Прэзідэнт, Кобрын перажывае другое нараджэнне. На аднаўленне райцэнтра было выдаткавана каля 400 мільярдаў рублёў, імі ўмела распарадзіліся. Работы вяліся на 410 аб’ектах, адрамантавана 120 кіламетраў вуліц, заменены інжынерныя сеткі, рэканструяваны Дом культуры, гасцініца, стадыён, узведзены лядовая арэна, вяслярны канал, аквапарк, непазнавальна змяніўся гарадскі парк імя А. В. Суворава.З добрымі здабыткамі падышлі да свята дажынак і сельскія працаўнікі раёна, яны стабільна нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці. У мінулым годзе валавы збор зерня склаў сто тысяч тон, а сёлета гэты рубеж пераўзыдзены. Добрыя вынікі па ўраджайнасці ў гаспадарках “Агра-Кобрынскае”, “Узыходзячая зара”. Прэзідэнт павіншаваў земляробаў і кіраўніцтва раёна з дастойнымі вынікамі на хлебнай ніве. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пажадаў удзельнікам урачыстасцей моцнага здароўя, добрага настрою, цудоўнага свята і новых поспехаў у працы на карысць нашай Радзімы.

    Пасля віншавання пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва і ўручэння ім узнагарод адбыўся святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў рэспублікі, артыстаў беларускай і расійскай эстрады. І пасля канцэрта весялосць працягвалася яшчэ да самага вечара на канцэртных пляцоўках, абсталяваных на вуліцах і ў парку горада.Прэзідэнт краіны адказаў на розныя пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, журналісты засяродзілі ўвагу на тым, наколькі кіраўніку краіны спадабаўся горад, як змог падрыхтавацца да такога свята.Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што даўно-даўно быў у Кобрыне, тады горад адмоўна ўразіў яго. І хоць нічога тады не абяцаў, усё ж даў сабе слова гэты вузел, скрыжаванне дарог прывесці ў парадак. У асноўным гэта выканана, зроблена шмат. Цяпер гэта не былы Кобрын, сёння гэта новы Кобрын.

    Адначасова Прэзідэнт звярнуў увагу жыхароў Кобрына: “Я ведаю аб скаргах, мы праводзілі тут маштабныя сацыялагічныя даследаванні, цікавіліся, чым дыхае кобрынскі жыхар, - зазначыў Аляксандр Рыгоравіч. – Ведаеце, мяне задавальняюць гэтыя даследаванні, але не магу не сказаць аб тым, што ў некаторай часткі кобрынцаў з’явіліся ўтрымніцкія настроі, маўляў, тут зрабілі, гэта зрабілі, а нам не... Мы зрабілі тут галоўнае, накіравалі сюды шмат сродкаў, галоўнае, каб Кобрын меў свой твар, каб людзям было куды прыйсці, каб можна было выйсці з дзецьмі, выхоўваць дзяцей. Я хачу, каб людзі ганарыліся сваёй зямлёй і мы Кобрынскім раёнам, гэтым цудоўным горадам. Астатняе трэба развіваць, рабіць так, як мы гэта пачалі. І калі кожны год будзе рабіцца нават дзесятая доля ад таго, што ўжо зроблена да “Дажынак”, то Кобрын стане адной з культурных сталіц нашай краіны. У гэтым я ўпэўнены. Я хацеў бы людзям сказаць, што кожны перш за ўсё павінен падумаць аб тым, што ён зрабіў для Кобрына, зробяць заўтра і паслязаўтра яго сям’я, яго дзеці”.

    Гаворачы аб цяперашнім становішчы ў эканоміцы, Прэзідэнт адзначыў, што ён не асмеліўся б назваць галіны эканомікі, якія радуюць. У кожнай галіне ёсць штосьці добрае, распачала абуджацца нават дрэваапрацоўка, нават лёгкая прамысловасць пачала “варушыцца”. Гэта сведчыць аб тым, што крызіс прымусіў многіх думаць, варушыцца. Аднак і праблем нямала, цяжка вызначыць, што якая-небудзь галіна цалкам працуе добра, пакуль для гэтага недастаткова інфармацыі, вынікі дзевяці месяцаў пакажуць дакладную карціну. У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заслуга сялян і ўсёй краіны ў тым, што ў гэты крызісны год ёсць амаль 11 працэнтаў прыбаўкі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Да таго ж і рынкі адкрыліся, ёсць куды прадаваць. Праблема непаставак нашай сельгаспрадукцыі была створана штучна. Але самае галоўнае, што мы можам ганарыцца тым, што накармілі народ, што ў нас усяго хапае сёння. І калі гаварыць і адзначаць кагосьці, то сялян, сельскую гаспадарку. Закранаючы пытанне перспектывы, бюджэту 2010 года, Прэзідэнт усебакова асвятліў іх. Галоўнае, на што нацэлены намаганні, - на асваенне новых рынкаў, дзе можна прадаваць беларускія тавары, тое ж мяса, малако, цукар і шмат іншае. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею на тое, што да канца года краіна будзе мець дадатны паказчык па валавому ўнутранаму прадукту і ў будучым захавае ўзровень сацыяльных расходаў, як і сёлета, а гэта больш як 60 працэнтаў расходаў бюджэту, каб людзі мелі падтрымку ў складаны перыяд.

    Тым не менш, Прэзідэнт выказаў думку аб тым, што не варта, хто мае 3-5-10 сотак зямлі, кідаць яе. Работа на зямлі прыносіць задавальненне і карысць. Нават у рэзідэнцыі Прэзідэнта вырошчваюцца заморскія агародніна, фрукты і рэалізуюцца тонамі. Хоць сёння ўсё ёсць у магазінах, усё ж зямля павінна дбайна выкарыстоўвацца.Адказваючы на пытанне аб рашэнні Прэзідэнта ЗША Барака Абамы не размяшчаць у Еўропе, каля граніц Беларусі, супрацьракетных комплексаў, Аляксандр Лукашэнка падышоў да ацэнкі такога паведамлення стрымана. Сапраўды, час пакажа, наколькі новая амерыканская адміністрацыя будзе паслядоўнай у такім накірунку. Прагрэсіўныя ідэі не так проста адстойваць. Калі гэта будзе на самой справе так, гэта будзе вельмі эфектыўны крок, зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

    З прысутнай Прэзідэнту краіны шчырасцю, ён гэтак жа грунтоўна адказаў на пытанні, якія закраналі ўзаемаадносіны Беларусі з Расіяй і Украінай. Стасункі з суседнімі краінамі і далей павінны развівацца пазітыўна, з узаемнай карысцю.

    Больш як 250 прадпрыемстваў і арганізацый. Каля 300 майстроў народнай творчасці. Звыш 7 кіламетраў гандлёвых радоў. Тэатралізаваныя святы, канцэртныя праграмы, конкурсы... Гэта - «Дажынкі-2009». Здавалася, што святочнай атмасферай у гэтыя дні быў напоўнены кожны куточак, кожная вуліца цэнтральнай часткі горада.

    Дзівосы пад сонцам

    Менавіта пад такой назвай праходзіла выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што разгарнулася на працягу двух дзён па вуліцы Суворава. Ткацтва, пляценне паясоў, кавальская і ганчарная справа, аплікацыя саломкай, саломапляценне і многае-многае іншае з адроджанага народнага мастацтва сустракала сваіх гледачоў. А вось, дарэчы, і першыя пакупнікі. Хтосьці нясе новенькую, з водарам свежага дрэва, дзежку, хтосьці выбірае цёплыя рукавічкі з воўны. А вось нейкая жанчына прыцэньваецца да плеценай з лазы мэблі... Пагутарым?

    - Пра тое, што будзе кірмаш, я ведала даўно. Але такога, прызнацца, нават не чакала! Гэта ж проста цудоўна, што ў нас столькі людзей, якія вырабляюць такія рэчы. Ну ўсё, пабягу за грашыма...

    Праз некалькі метраў — вырабы з саломкі. Карціны, кветкі, кампазіцыі... А вось — з уражальнай дэтальнасцю выраблены рэльефны герб Беларусі — таксама з саломкі. Колькі ж намаганняў і часу трэба было прыкласці, каб выканаць такое хараство? Як аказалася, больш за тры тыдні.А вось жанчына ў прыгожым народным адзенні. У руках — доўгі пучок каляровых нітак, з якога пасля простых на першы погляд маніпуляцый атрымліваецца багаты плецены пояс. Адкуль ты, чараўніца? Аказалася — з суседняга Антопаля.

    - Ведаеце, на мой погляд, мерапрыемства задумана цудоўна, - дзеліцца сваімі думкамі Галіна Сцепанюк з Антопальскага цэнтра рамёстваў. - Столькі майстроў, столькі цікавых людзей — а самае галоўнае, столькі ўсмешак на тварах! Дзе вы яшчэ такое ўбачыце?

    Сярод майстроў, што прыехалі на Кобрыншчыну з усёй Беларусі, і нашы землякі. Вось дае майстар-клас па саломапляценню Юля Піваварава, а вось прапануе свае вырабы вышывальшчыца Надзея Гамолка. Сярод разнастайных вырабаў – імянная подушачка для Ірыны Дарафеевай – для яе кобрынская майстрыха вышывае ўжо не першы раз.

    Дарэчы, кірмаш даваў магчымасць не толькі ўбачыць ці купіць, але і паспрабаваць уласныя сілы. Вось зусім маленькі хлопчык старанна намагаецца нешта вырабіць на ганчарным крузе. Хто ведае — можа, праз пяць-дзесяць гадоў ён сам будзе ў ролі майстра? А вось мужчына прымерваецца да молата каваля — пад якім, нібыта па чараўніцтву, з тоўстага металічнага прута атрымліваецца чарговы цуд майстэрства і працы. Гудзе горн, звонка б'е па накавальні молат, і падае на асфальт гатовая падкова — на шчасце.Раптам пачуліся меладычныя гукі — ці то дудачка, ці то флейта... Падыходзім бліжэй. На самой справе — гліняныя свісцёлкі, кожная з якіх мае свой непаўторны тэмбр гучання... І, здаецца, няма ўжо гарадской мітусні - думкі пераносяцца ў сівую даўніну, дзе менавіта на такіх вось свісцёлках гралі калісь вясковыя пастушкі.

    Здавалася, што людзі па кірмашы ішлі адным вялікім патокам, у якім кожны знаходзіў нешта сваё... Дэкаратыўны посуд і аўтэнтычныя дэталі вопраткі, упрыгажэнні з прыродных мінералаў і прыгожыя фігуркі са шкла, якія выплаўляліся непасрэдна на месцы, выдатныя кампазіцыі з прыродных матэрыялаў, ткацкія вырабы — каб пералічыць, не хопіць нават цэлай кнігі. І ўсё гэта — у добрай, душэўнай атмасферы, якая з’яўляецца неадрыўнай спадарожніцай сапраўднай творчасці.

    І якасць, і выбар, і цэны

    Не менш цікава было і на вуліцы Пушкіна — тут раскінуўся кірмаш прамысловых вырабаў. Адзенне, абутак, тавары народнага спажывання ад усіх вядучых вытворцаў краіны ператварылі вуліцу ў адну вялікую краму, прайсці міма якой было проста немагчыма.

    Сакрэт аказаўся просты — акрамя велізарнага выбару, усе вытворцы ў святочны дзень прапаноўвалі свае тавары са значнымі скідкамі. І розніца на самой справе аказваецца вельмі значнай — асабліва калі рэч ідзе, напрыклад, пра тэлевізар ці халадзільнік. Апошніх, дарэчы, літаральна за некалькі гадзін пасля адкрыцця гандлёвага павільёна завода «Атлант» было прададзена 11 штук.

    Але, мабыць, шырэй за ўсё на кірмашы было прадстаўлена адзенне — свае вырабы тут прапаноўвалі вядучыя швейныя і трыкатажныя вытворцы краіны. Мужчынская, жаночая і дзіцячая вопратка карысталася попытам — як высветлілася, па дзвюх прычынах.

    - Чаму мы прыйшлі за пакупкамі менавіта сюды? Таму што тут ёсць тры галоўныя ўмовы, - расказвае Валянціна, жыхарка горада Брэста. - Па-першае, гэта шырокі, можна сказаць, усеабдымны асартымент. Па-другое, нізкія цэны, якія выдатна адрозніваюцца ад штодзённых. Ну а чаму купляем беларускае, думаю, і адказваць не трэба — таму, што гэта якасна.

    Сапраўды, аргументы бясспрэчныя. За доказамі далёка хадзіць не прыйшлося — большая частка наведвальнікаў вярталася з кірмашу з даволі вялікімі пакункамі.А для тых, хто стаміўся хадзіць міма бясконцых гандлёвых кропак, свае паслугі прапаноўвалі пункты грамадскага харчавання. Прыемны пах шашлыкоў адчуваўся за некалькі дзесяткаў метраў, на вуліцы Дзяржынскага, якая ператварылася ў сапраўдны рэстаран пад адкрытым небам, дзе кожны жадаючы за ўмераную цану мог адпачыць і перакусіць. Сокі, напоі, марожанае, нацыянальныя стравы розных народаў не пакідалі абыякавым нікога, і месцаў, якіх, дарэчы, было арганізавана больш за тысячу, хапала ўсім. А бліжэй да парку можна было паспрабаваць нават абсалютную экзотыку — накшталт страў з мяса страўса, якія прапаноўвалі сваім гасцям супрацоўнікі ААТ «ПМ і кампанія».

    А над горадам ляцела песня...

    Сапраўды, якое ж свята без песні? Здавалася, яна гучала ўсюды — каля амфітэатра і на пляцоўцы побач з кінатэатрам, каля Дома быту і Дома культуры. Народныя ансамблі і сучасныя эстрадныя калектывы з усёй краіны на працягу двух дзён радавалі самыя разнастайныя густы слухачоў усіх пакаленняў.

    Шматлюдна было і каля аквапарку — тут праходзіла канцэртная праграма «Свята хлеба» з удзелам лепшых творчых калектываў Брэсцкай вобласці. Тэатралізаваныя абрады, прысвечаныя тэме жніва, конкурс-дэманстрацыя дажыначных кампазіцый і прыгожа аформленых снапоў, выстава караваяў і вырабаў хлебнай прамысловасці — і, канечне, танцы пад гармонік. А аматары смачнага мелі магчымасць, што называецца, адвесці душу падчас дэгустацыі і продажу «Хлебны пір» і конкурсу блінапёкаў. Тут жа на другі дзень свята праводзілася ўшанаванне маладых, якія ў гэты цудоўны дзень вырашылі злучыць свае лёсы ў сямейных саюзах.

    Больш сучаснай накіраванасцю адрознівалася праграма каля Дома быту, дзе музыка і спевы маладзёжных эстрадных калектываў суседнічалі з паказам мадэляў швейных і трыкатажных вырабаў. Вялікі энтузіязм у прысутных выклікаў паказ калекцый з ільну — яго прапанавала ААТ «Цэнтр моды» горада Брэста.

    А сапраўдны «зоркапад» можна было назіраць на цэнтральнай плошчы горада. Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, наша зямлячка Вольга Сацюк іншыя зоркі айчыннай эстрады падаравалі гледачам некалькі гадзін цудоўнага настрою і незабыўных уражанняў. Выдатным падарункам стала і выступленне гасцей з Расіі - Аляксандра Малініна і Дыяны Гурцкая, якія таксама наведалі свята.

    Лепшае свята – спартыўнае!

    Арганізатары рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2009” кожнаму жыхару Кобрыншчыны і гасцям горада прапанавалі цудоўную магчымасць для разнапланавага адпачынку. Як паказалі святочныя дні, людзі выбіралі не толькі “чарку і скварку”. Многія, а асабліва моладзь, надалі перавагу здароваму і актыўнаму правядзенню вольнага часу. А дапамаглі ім у гэтым прадстаўнікі ўпраўлення і аддзела па фізкультуры, спорце і турызме абласнога і раённага выканкамаў, мясцовае ўпраўленне адукацыі, адміністрацыя КСДЮШАР, якія правялі шэраг спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Яшчэ да пачатку афіцыйных святкаванняў “Дажынак” з самай раніцы ў пятніцу, 18 верасня, на базе СШ №8 праводзілася дзіцячае спартыўнае свята. Каманды сярэдніх гарадскіх школ спрабавалі свае сілы ў міні-футболе, спартландыі і спаборніцтвах па турызме. Дарэчы, апошні від праграмы выклікаў найбольшы інтарэс у юнакоў і дзяўчат. Ім было неабходна за адведзены час сабраць палатку і пераадолець так званую турыстычную паласу. Паралельна на спортпляцоўках ААТ “Кобрынскі хлебазавод” праводзіліся спаборніцтвы па пляжным валейболе сярод мужчынскіх каманд.

    Наступны дзень таксама адзначыўся насычанай спартыўна-масавай праграмай. З нагоды святкавання “Дажынак” на полі для гульні ў хакей на траве абноўленага стадыёна “Юнацтва” адбылося адкрыццё раённага спартыўнага свята, да ўдзелу ў якім запрашаліся не толькі школьнікі і каманды фізкультуры працоўных калектываў Кобрыншчыны, але і ўсе жадаючыя.

    Парад фізкультурнікаў прымалі дырэктар абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра фізвыхавання насельніцтва ўпраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама Пётр Воран, начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме Кобрынскага райвыканкама Васіль Знахарчук, дырэктар КСДЮШАР Вячаслаў Эльберг, якія пажадалі прысутным здароўя, бадзёрасці, даўгалецця і энергіі. Васіль Знахарчук падзякаваў кіраўніцтва раёна і краіны за такія цудоўныя падарункі – пабудаваныя буйныя спартыўныя аб’екты, якія, безумоўна, будуць запатрабаванымі і прыцягнуць у рады аматараў здаровага ладу жыцця яшчэ больш кабрынчан. Па традыцыі ўдзельнікі мерапрыемства пад гукі гімна краіны паднялі Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. А дапамаглі стварыць творчую атмасферу свята самадзейныя артысты з узорнага калектыву эстраднага танца РЦДТ “Калі ласка”. Фізкультурнікі змагаліся ў стрытболе, валейболе, дартсе, гіравым, армрэслінгу. Але галоўным у праграме стаў сяброўскі матч паміж брэстаўчанамі – чатырнаццаціразовым чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па хакеі на траве камандай “Будаўнік” - і ветэранамі спорту на новым гульнявым полі. Дарэчы, ад спартсменаў паступілі толькі пазітыўныя водгукі наконт якасці пакрыцця пляцоўкі. А гледачы з вялікай зацікаўленасцю назіралі за гульнёй хакеістаў, якія спраўна забівалі галы, на першы погляд, нязручнымі клюшкамі. Такі хакей з’яўляецца алімпійскім відам спорту. Паводле слоў намесніка дырэктара брэсцкага спартыўнага клуба “Будаўнік” Сяргея Прахарэнкі, у Кобрына ёсць усе шанцы стварыць моцную каманду і дабіцца высокіх вынікаў у хакеі на траве, тым больш, што гэта дазваляе зрабіць новая матэрыяльна-тэхнічная база.

    А на ўваходзе ў стадыён “Юнацтва” адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў спартыўна-турыстычнага велапрабегу “Дарогамі роднага краю”, які прысвячаўся Году роднай зямлі і праводзіўся ў межах святкаванняў рэспубліканскіх “Дажынак” і Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Веласіпедысты за 5 дзён пераадолелі каля 500 кіламетраў і наведалі 8 сельскіх населеных пунктаў Брэстчыны, у тым ліку в.в. Хідры і Гарадзец. Там праводзіліся цікавыя веласіпедныя спаборніцтвы для ўсіх жадаючых, а таксама паказальныя выступленні велаакрабатаў. Фундатарамі гэтай акцыі выступілі Прадстаўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці і ўпраўленне па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама. Мэты і задачы велапрабегу – папулярызацыя актыўнага ладу жыцця і спартыўнай работы ў аграгарадках, прафілактыка бяспекі руху. У Кобрыне веласіпедысты таксама правялі турнір па фігурнаму кіраванню веласіпедам, лепшым удзельнікам уручаліся памятныя прызы. У наступным годзе велапрабег будзе прымеркаваны да 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Усе прызёры і пераможцы раённага спартыўнага свята ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і дыпломамі адпаведных ступеняў аддзела па фізкультры, спорце і турызме райвыканкама.

    Над артыкулам працавалі: Аляксей Пянко, Аляксей Сацук, Дзмітрый Бялоў, Раман МЕЛЬНІК і Анатоль Шугай (фота)

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу