Менавіта так ахарактарызавалі адну з гульняў міжнароднага турніру па хакеі ў, які адбываўся з 24 па 27 сакавіка ў Кобрынскай лядовай арэне, расійскія балельшчыкі. Сапраўды, чатыры дні хакейных баталій такога кшталту для Кобрынчшыны - гэта сур’ёзная падзея ў календары спартыўных мерапрыемстваў. Рупліва, па-гаспадарску буйны форум арганізавалі кіраўніцтва аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама і Кобрынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па зімовых відах спорту. Свае заяўкі на ўдзел падалі каманды з Кобрына, Пінска, Салігорска, Мінска (“Дынама” і “Юнацтва”), Гродна (“Мустанг”), а таксама эксклюзіўныя госці з Масквы (клуб “Мар’іна”) і Якуцка (“Палярныя ваўкі”).
Урачыстая цырымонія адкрыцця турніру адбылася ў мінулы чацвер. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля і намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык пажадалі юным спартсменам здароўя, поспехаў і перамогі. Прагучалі гімны Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Графік спаборніцтваў быў напружаным. Кожнай з каманд за чатыры дні было неабходна згуляць па сем гульняў. І ў выніку па суме ачкоў суддзі вызначалі пераможцаў.Амаль дзевяць тысяч кіламетраў пераадолела каманда з Якуціі, каб выступіць на Кобрынскай зямлі. Старшыня бацькоўскага камітэту гасцей Сцяпан Аляксееў у прыватнай гутарцы з карэспандэнтам “КВ” падкрэсліў, што арганізацыя турніру, матэрыяльная інфраструктура Кобрынскай лядовай арэны, камфартабельныя ўмовы для пражывання ў нашым горадзе, цёплы прыём гаспадароў заслугоўваюць сапраўды высокай адзнакі. У Якуціі заняткі хакеем з шайбай распачаліся прыкладна дзесяць гадоў таму і ўжо набылі высокую папулярнасць сярод насельніцтва, існуюць добрыя спартыўныя традыцыі. І непасрэдны доказ гэтых слоў – тэхнічная, стабільная, відовішчная гульня якутаў на пляцоўцы.
Маюць свой асаблівы атакуючы стыль і расіяне з маскоўскага клуба “Мар’іна”. Галоўны трэнер каманды Аляксей Чапракоў дасканала рыхтаваў сваіх рабят да адказных стартаў. Аляксей Аляксандравіч таксама адзначае прыгажосць, непаўторнасць краявідаў і педантычную чысціню Кобрынскай зямлі. Таксама было прыемна пачуць і тое, што наша лядовая арэна на ўступае па ўзроўні аснашчанасці і якасці вядучым маскоўскім трэніровачным пляцоўкам, напрыклад, ЦСКА, дзе рыхтуюцца “зоркі” першай сусветнай велічыні і алімпійскія чэмпіёны. Трэнер сказаў, што з кабрынчанамі ён пазнаёміўся на турніры ў Бранску, і менавіта там з беларусамі ўстанавіліся цесныя партёрскія кантакты, былі дасягнуты адпаведныя дамоўленасці аб візіце ў Кобрын.
Як адзначыў дырэктар лядовай арэны Анатоль Трубчык, прыемна, што не толькі спартсмены праявілі высокую актыўнасць, але і шматлікія балельшчыкі, якія з асалодай назіралі за гульнямі і горача падтрымлівалі хакеістаў.
Некаторыя ігракі вымусілі сур’ёзна пахвалявацца. Напрыклад, у першы дзень турніру адбылася сустрэча паміж Кобрынам і камандай “Юнацтва” з Мінска. Нашы землякі змагаліся мужна і напрацягу матчаў заўсёды дабіваліся перавагі. Усяго за 15 секунд да завяршэння апошняга тайма лік на табло быў 5:4 на карысць кабрынчан. І вось адзін са сталічных хакеістаў “прабіў” абарону і выйшаў адзін-на адзін з варатаром. Першы кідок… І шайбу ўдалося парыраваць. Але другі кідок расставіў ўсе кропкі над “і” – мінчане зраўнялі лік усяго… за 2 секунды да заканчэння часу!
У выніку першае агульнакаманднае месца занялі спартсмены з Салігорска. “Серабро” ў “Палярных ваўкоў” Якуцка, трэцяе месца ў кабрынчан. Таксама наш зямляк Уладзімір Ануфрыюк у асабістым заліку быў прызнаны лепшым бамбардзірам турніру. У цырымоніі закрыцця спаборніцтваў прымаў удзел генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Мікіта Маткоўскі, які, дарэчы, з’яўляецца заўзятым прыхільнікам гэтай гульні з шайбай.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і кубкамі ад агранізатараў мерапрыемства. Расіяне падзякавалі за гасцінны прыём і паабяцалі прыехаць у Кобрын зноў.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: хакейны клуб “Мар’іна” на чале з Аляксеем Чапраковым; Сцяпан Аляксееў з якуцкімі спратсменамі; момант гульні.
Поделиться в соцсетях: