Веды, мэтанакіраванасць, працаздольнасць і талент. Менавіта гэтыя вызначэнні лепш за ўсё падыходзяць да ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, які нядаўна ўрачыста закончыўся ў нашым горадзе. Засталіся за спіною конкурсы, заданні, хваляванне і напружаная праца. Наперадзе – радасць перамогі і новыя планы.
Як адзначыў на цырымоніі ўзнагароджання галоўны інспектар упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паддубскі, самай вялікай удзячнасці заслугоўваюць усе арганізатары алімпіяды. Асабліва быў адзначаны ўклад упраўленняў адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Кобрынскага райвыканкама. Загадчыку ўпраўлення адукацыі райвыканкама Галіне Радковіч і дырэктару Палаца культуры Валянціне Пакалюк Уладзімір Паддубскі ўручыў памятныя падарункі.
А ўдзельнікам алімпіяды ўручаліся пахвальныя водзывы, Пісьмы падзякі і, нарэшце, дыпломы пераможцаў, да якіх так доўга, конкурс за конкурсам, ішлі гэтыя рабяты. Яны – лепшыя. У сваім рэгіёне, у сваёй вобласці, у сваёй краіне. У гэтым усе госці мерапрыемства маглі пераканацца, што называецца, на ўласныя вочы – побач, у выставачнай зале Палаца культуры праходзіла выстава работ “алімпійцаў”. Ад хараства і прыгажосці літаральна разбягаліся вочы і, прызнацца, нават цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя экспанаты выканалі школьнікі, якія, па сутнасці, толькі пачынаюць сваё самастойнае жыццё. Спецыяльным прызам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь была ўзнагароджана Марыя Штандэр, вучаніца 9-га класа Ланской САШ Маларыцкага раёна. А начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Ціханчук уручыў спецыяльныя прызы адразу двум вучням з каманды Брэсцкай вобласці – Ірыне Кавальчук і Дзянісу Калесніковічу.
І можна сказаць з упэўненасцю: які б шлях у будучыні ні выбралі для сябе сённяшнія пераможцы, тыя навыкі і ўменні, якія яны атрымалі ў гэтай алімпіядзе, абавязкова паслужаць ім у жыцці добрую службу. Таму што толькі самаадданай штодзённай працай і дасягаецца ў гэтым жыцці сапраўдны поспех.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: