Пяшчотныя адносіны да прыроды. Разуменне яе каштоўнасці, непаўторнасці, прыгажосці. Мастацтва ўспрымаць сябе не як спажыўца — а як неадрыўную яе частку, арганічны працяг і вяршыню эвалюцыі ўсяго жывога. Гэтаму кожны з нас вучыцца з дзяцінства...У Кобрынскім эколага-біялагічным цэнтры ўсе гэтыя паняцці спалучаюцца ў адну разгалінаваную і мэтанакіраваную сістэму. Менавіта тут любоў да прыроды выхоўваецца разам з усебаковым яе вывучэннем, а навуковая праца развіваецца на фоне жывых адносін з раслінным і жывёльным светам.
- Сёння наш цэнтр наведваюць больш за тысячу дзяцей, - расказвае дырэктар Лілія Страчук. - Тры аддзелы — эколага-сельскагаспадарчы, жывёлагадоўчы і кветкава-дэкаратыўны, 34 профілі і 76 гурткоў даюць магчымасць кожнаму выбраць менавіта тое, што яго цікавіць — і праявіць сябе ў даным накірунку. Нехта займаецца лекавымі раслінамі, нехта — пакаёвымі кветкамі, а хтосьці выбірае, напрыклад, арніталогію ці вывучэнне вадаёмаў. Асноўную колькасць нашых наведвальнікаў складаюць, канечне, дашкольнікі, а таксама вучні малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў — а вось у гуртку па вывучэнню ландшафтнага дызайну займаюцца ўжо больш старэйшыя дзеці, як і ў навуковым таварыстве.Пра апошняе, дарэчы, трэба сказаць асобна. Таварыства ў цэнтры існуе ўжо 5 гадоў — і яго ўдзельнікі не раз паспяхова займалі прызавыя месцы на навуковых канферэнцыях. А чацвёра з былых удзельнікаў таварыства пасля заканчэння школы паспяхова паступілі ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Згадзіцеся — прыклад паказальны.
- Самае складанае ў гэтай справе было... падабраць дзяцей, - успамінае Лілія Страчук. - Гэта дзіўна, але далёка не ўсе бацькі жадаюць, каб іх дзеці займаліся навуковымі даследаваннямі. Адзін хлопчык, які ўпершыню прыйшоў да нас, так адразу і сказаў — маўляў, што я тут, варон лічыць буду? А з цягам часу захапіўся, стаў наведваць цэнтр пастаянна... І ў выніку заняў прызавое месца на навукова-практычнай канферэнцыі — што самае цікавае, з тэмай пра птушак з сямейства крумкачовых у нашым горадзе! І нават дзеці, якія па тых ці іншых прычынах лічацца «цяжкімі», вельмі часта, здзіўляючы ўсіх, пачынаюць праяўляць сябе з самага лепшага боку і адкрываюць зусім нечаканыя таленты.
Велізарная разнастайнаць форм жывой прыроды імгненна прыцягвае ўвагу ў цэнтры. Здаецца, што ўваходзіш не ў звычайную цяпліцу, а ў нейкі казачны аазіс, у якім кактусы-агавы суседнічаюць з ліянамі і бананавымі дрэвамі, а звычайныя, здавалася б, пакаёвыя расліны разрастаюцца да неверагодных памераў — і нават пачынаюць плоданасіць. Вось вы, паважаныя чытачы, калі-небудзь бачылі плады манстэры? А сапраўднае дрэва авакада — якое, дарэчы, вырасла са звычайнай костачкі? А колькі станоўчых эмоцый прыносіць жывы куточак, дзе наведвальнікаў зацікаўленымі вочкамі сустракаюць марскія свінкі, дэкаратыўныя трусы, хамячкі, чарапахі!.. Між тым тут дзеці атрымліваюць магчымасць не толькі паглядзець на ўсё гэта — але і навучыцца майстэрству вырошчвання разнастайных раслін, даведацца, як трэба клапаціцца пра хатніх жывёл. А яшчэ — як навучыцца проста быць гаспадаром на сваёй зямлі...Шкада толькі, што будынак, у якім знаходзіцца такі карысны і цікавы цэнтр, мякка кажучы, не ў лепшым стане. Старыя вокны, праз якія выходзіць цяпло, дах, які працякае пры першым моцным дажджы, мэбля, якая не мянялася практычна з дня адкрыцця - згадзіцеся, усё гэта не вельмі спрыяе энтузіязму. Дадайце яшчэ адсутнасць камп'ютарнага класа, які, здавалася б, на сённяшні дзень з'яўляецца па сутнасці неабходным, і сучаснага рамонту... Між тым — нагадаем: колькасць маленькіх наведвальнікаў цэнтра даўно пераваліла за тысячу, а калі б сітуацыя змянілася ў лепшы бок, то юных творцаў, хто прывучаецца спасцігаць прыгажосць і таямніцы прыроды з дзяцінства, было б яшчэ больш.