У архіўных даных афіцыйнай датай утварэння сельгаспрадпрыемства “Філіял “Арэхаўскае” РУП “Брэстдругмет” лічыцца 15 верасня 1950 года. Святкаванне юбілею тут прымеркавалі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перепрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
Яшчэ перад пачаткам урачыстасці на плошчы цэнтральнай сядзібы філіяла – вёскі Павіцце – адбыўся парад сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, на якой цяпер працуюць мясцовыя земляробы. У фае Дома культуры адкрыліся выставы сельгаспрадукцыі, работ майстроў народнай творчасці, фотаздымкаў. На вуліцы размясціліся гандлёвыя рады. Свае тавары для вяскоўцаў прапаноўваў і філіял магазіна РУП “Брэстдругмет” “Тэхніка і быт”. Дарэчы, тут была арганізавана і своеасаблівая латарэя для пакупнікоў.
У пачатку свята, якое праходзіла ў прыгожай зале Дома культуры, працаўніцы філіяла паднеслі шматлікім гасцям прыгожы каравай як сімвал урадлівасці, багацця і дабрабыту гасціннай павіццеўскай зямлі. Са словамі віншавання да ўдзельнікаў урачыстага свята звярнуўся генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання “Белдругмет” Аляксей Аношка. Пра цяперашнія дасягненні калектыву філіяла “Арэхаўскі” расказаў дырэктар Лявонцій Цецярук. Ён адзначыў, што сёння філіял – гэта сучаснае буйное аграрное прадпрыемства, дзе мэтанакіравана ўдасканальваюцца арганізацыя і тэхналогіі вытворчасці, што дае працоўнаму калектыву магчымасць у любых умовах надвор’я дабівацца нядрэнных вынікаў. Так, па выніках работы за 2010 год вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах 2009 года складзе 6321 мільён рублёў, што вышэй на 206 працэнтаў узроўню 2005 года. Вытворчасць прадукцыі раслінаводства за пяць гадоў павялічылася ў 1,7 раза, жывёлагадоўлі – у 2,6 раза. Вытворчасць малака на сто гектараў сельгасугоддзяў складзе 734 цэнтнеры, або ў тры разы больш, чым у пачатку пяцігодкі. Грашовая выручка ў 2010 годзе ўзрасла ў 3,8 раза. Філіял стаў бясстратным прадпрыемствам.
Багатая на падзеі і знакамітых працаўнікоў і гісторыя гаспадаркі. Так, былыя старшыні Віктар Калько і Мікалай Завяржэнец былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Такія ж ордэны за сваю працу атрымалі і былы вадзіцель Павел Жук і механізатар Іван Сакалоўскі. Ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені ўзнагароджаны даярка Надзея Цецярук, механізатар Іван Цецярук. 32 працаўнікі прадпрыемства былі ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу”, тры – “За працоўную адзнаку”. Аб гэтых незабыўных падзеях у гісторыі сельгаспрадпрыемства гаварылі ў сваіх выступленнях ветэраны філіяла - былы аграном гаспадаркі, былы старшыня Павіццеўскага сельсавета Павел Сабчук, былы вадзіцель Павел Жук.
Шмат слоў удзячнасці гучала і ў адрас працоўных дынастый філіяла, такіх, як сем’і Каладзей, Касынюк, Жук. Не засталіся без увагі і маладыя спецыялісты, якія прыйшлі на работу сёлета. Поспеху ў працы і жыцці пажадалі галоўнаму ветурачу Віталіі Скерся, галоўнаму заатэхніку Юліі Тропец, механіку гаража Арцёму Асаенку.
З юбілеем і Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу калектыў філіяла “Арэхаўскае” віталі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Крывецкі, намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Майсяюк, дырэктар РУП “Брэстдругмет” Вячаслаў Сашко, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Буткевіч і многія іншыя ганаровыя госці. Шмат працаўнікоў філіяла былі ўзнагароджаны Граматамі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, дырэкцыі філіяла “Арэхаўскае”, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.
Пасля заканчэння ўрачыстага сходу госці сельгаспрадпрыемства зрабілі экскурсію па аграгарадку, у час якой дырэктар філіяла “Арэхаўскае” Лявонцій Цецярук уручыў ключы ад новага дома маладой сям’і Мікалая і Вольгі Касынюк і каштоўны падарунак – тэлевізар. Вольга працуе ў гаспадарцы аграномам-аграхімікам, а Мікалай – вадзіцелем.
Затым перад удзельнікамі ўрачыстага сходу выступілі творчыя мастацкія калектывы раённага Палаца культуры. Юбілейнае свята завяршылася маляўнічым феерверкам.
Аляксей САЦУК.
Поделиться в соцсетях: