Жаночы твар міліцыі
Старшы лейтэнант міліцыі Марыя Каладзінская сустрэла мяне каля акенца дзяжурнага ў Кобрынскім РАУС. Апранутая па ўсёй строгасці формы, яна не пераставала быць па-жаночаму прываблівай і зграбнай. Цікава, якім характарам патрэбна валодаць жанчыне, каб працаваць у такой складанай мужчынскай прафесіі? І як гэта - дзяўчыне быць на ахове правапарадку?– Я і не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі, – усміхаецца Марыя. –Выгадавалася ў сям’і ваенных, таму ведала, што, калі вырасту, буду насіць форму.Так і атрымалася. Дзяўчына старанна вучылася ў школе, вельмі рыхтавалася да паступлення. А паколькі бацькі толькі падтрымлівалі жаданне стаць ваеннаабавязанай, то Марыя паспяхова скончыла акадэмію МУС Рэспублікі беларусь і пачала працаваць у дзіцячым пакоі міліцыі. Чаму менавіта ў інспекцыі па справах непаўналетніх?– Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, – расказвае інспектар. – І я хачу дапамагаць ім ісці правільным шляхам.Асаблівым момантам у жыцці Марыя лічыць прысягу, якую прымала ў Мінску. Усе было вельмі ўрачыста. Усіх пастроілі на пляцы, кожны выходзіў да стала і зачытваў тэкст.– Неверагоднае пачуцце, – узгадвае інспектар. – Тады я зразумела, што дасягнула таго, аб чым марыла.З гэтага моманту ў Марыі Каладзінскай пачаліся працоўныя будні. З падтрымкай калег яна хутка прывыкла да раскладу міліцэйскага жыцця. Адзінае, чаму не змаглі навучыць жанчыну нават тыя, хто працуе не першы год, гэта не прымаць блізка да сэрца, што бачыш у час рэйдаў.– Я вельмі засмучаюся, калі назіраю падлеткаў у нецвярозым стане, – расказвае жанчына. – І зараз не разумею, што прыводзіць дзяцей да неправамерных дзеянняў, што вымушае іх ісці супраць закона? Бо не заўсёды падлеткі, з якімі я працую, з сацыяльна-небяспечных сямей. Цяжка, калі даводзіцца быць жорсткай.А прывыкнуць да астатняй работы ўвогуле было нескладана: насіць табельную зброю, заўсёды быць, як кажуць, “на тэлефоне”, быць гатовай прыехаць нават сярод ночы, хадзіць ў нарады. Для Марыі гэта не было ў навіну: калі з маленства бачыш вакол сябе ваенную дысцыпліну, то такі расклад ужо як нешта само сабой зразумелае. Пасля работы Марыя наведвае трэнажорную залу, каб падтрымліваць добры фізічны стан.– А вось чым мне асабліва падабаецца мая работа, дык гэта тым, што яна дае вынікі, – працягвае жанчына. – Я вельмі люблю, калі дзеці, якім я змагла дапамагчы, прыходзяць да мяне, дзякуюць, расказваюць пра свае дасягненні. У такія моманты разумееш, што ты патрэбны сваёй краіне, бо робіш яе крышачку лепшай.Пры такім напружаным графіку Марыя Каладзінская з задавальненнем наведвае рэпетыцыі ў хоры народнага ансамбля “Кобрынскія музыкі”, выступае на аглядах самадзейнасці і на розных конкурсах, адкуль неаднойчы прыязджалі з першым месцам.Дапамагае вярнуць душэўную раўнавагу, адпачыць, атрымаць пазітыўныя эмоцыі сям’я, у якой гадуецца маленькая дачка Эмілія.Перад фотаздымкам, як і ўсе жанчыны, Марыя пачала прыхарошвацца. Валасы прыгожа ўпалі на пагоны, і вось ужо форма не выглядае так строга і афіцыйна. Перада мною прыгожая жанчына, якая абрала для сябе прафесію абараняць Радзіму.Ксенія ПАЛЬТО. НА ЗДЫМКУ: Марыя Каладзінская.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: