У аўторак, 26 ліпеня, над горадам і раёнам пранеслася моцная бура, якая за даволі кароткі час нарабіла шмат шкоды. І хоць гэтым летам дажджы над Кобрыншчынай ідуць даволі часта, у гэты дзень пад вечар на зямлю праліўся асабліва моцны лівень і секануў град такіх буйных памераў, што асобныя экземпляры былі з дзіцячы кулак.
Як паведамілі ў адпаведных службах, якія займаюцца ліквідацыяй наступстваў падобных з’яў, асабліва ад буры з градам пацярпелі такія вёскі, як Астромічы, Павіцце, Корчыцы, крыху менш – Навасёлкі. Таксама па раёне адбылося 38 абрываў ліній электраперадач, былі паламаны і павалены дрэвы. Ахвяр сярод жывёл і людзей, на шчасце, няма.
Адразу па ўсім раёне пачаліся работы па аднаўленні аб’ектаў, пацярпелых ад буры. У першую чаргу надаецца ўвага фермам, комплексам, затым – уласным падворкам. Там, дзе адбыліся абрывы ліній электраперадач, аднаўляецца электрычнасць, ліквідуюцца паломкі на радыё- і тэлефонных лініях. На дапамогу службам па ліквідацыі наступстваў урагану прыходяць гаспадаркі, а таксама жыхары пацярпелых вёсак.
Тэкст і фота Ігара ФЕДАРОВІЧА.
НА ЗДЫМКУ: ліквідацыя наступстваў стыхіі ў вёсцы Корчыцы.
Поделиться в соцсетях: