Новы год – як вядома, свята сямейнае. Упрыгожаная агеньчыкамі ёлка, святочны стол, дзе збіраюцца ўсе родныя, абавязковыя падарункі – і тая ні на што не падобная навагодняя атмасфера, якая, нібыта па чараўніцтву, настройвае нас на добры і аптымістычны лад. І так хочацца ў гэтае свята зрабіць нешта добрае…
На мерапрыемстве ў раённым цэнтры дзіцячай творчасці, Новы год адзначалі дзеці, якія волею лёсу па тых ці іншых прычынах былі пазбаўленыя сваёй сям’і – выхаванцы сацыяльнага прытулка вёскі Барысаўка і прыёмных, а таксама апякунскіх сем’яў. І, трэба адзначыць, атмасфера на мерапрыемстве, якое прайшло з удзелам раённага аб’яднання прафсаюзаў і ўпраўлення адукацыі райвыканкама, была на самой справе святочнай і добразычлівай.- Наша акцыя “Прафсаюзы – дзецям” традыцыйна праходзіць кожны год, - расказвае старшыня Кобрынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Надзея Прысада. – Сёння, у прыватнасці, мы прывезлі з сабою падарункі для тых дзяцей, якія выхоўваюцца ў Барысаўскім сацыяльным прытулку – каб даць ім магчымасць напярэдадні Новага года таксама адчуць атмасферу свята.А свята, дарэчы, адбылося на зайздрасць. Ва ўтульнай зале цэнтра дзіцячай творчасці ўсе госці мелі магчымасць паглядзець цікавы спектакль з удзелам, здавалася, усіх мажлівых казачных герояў – ад Бураціна і Бабы Ягі да Джына і Гары Потэра. Ну, зразумела, і які ж Новы год без Снягуркі і Дзеда Мароза? І без святочнага карагода вакол ёлкі, гледзячы на які, чамусьці адразу забываеш усё нядобрае…Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: