Спектакль з такой назвай мелі магчымасць паглядзець кабрынчане 14 верасня на сцэне Палаца культуры. Тут у гэты дзень у межах Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа” выступаў калектыў Дзяржаўнага Рускага драматычнага тэатра імя Самеда Вургуна (Баку, Азербайджан).
Прычым, як заўважыў у размове перад спектаклем галоўны рэжысёр тэатра і адначасова рэжысёр-пастаноўшчык п’есы “Зорка, каханне і шампанскае” Аляксандр Шароўскі, у Кобрыне гэты спектакль паказваецца нават на дзень раней, чым на асноўнай тэатральнай пляцоўцы фестывалю ў Брэсце. Азербайджанскія госці былі па-добраму ўражаны прыгожым і дыхтоўным сучасным Палацам культуры, на сцэнічнай пляцоўцы якога сёння можна паказваць самыя разнастайныя прадстаўленні – ад камернага спектакля да эпічнага палатна з найскладанейшымі дэкарацыямі.
Таму не дзіўна, што зала была амаль поўнай: кабрынчане-аматары тэатра, дзякуючы вышэйназваным прыемным пераменам у культурным абліччы горада, з задавальненнем прыйшлі сустрэцца з бакінскімі артыстамі, задаволіць свае эстэтычныя запатрабаванні.
Калі ж гаварыць непасрэдна аб ігры акцёраў, то аўтару гэтых радкоў падалося, што на працягу дзеі агульны ансамбль крыху не дацягваў да болей яркага і выразнага дуэта выканаўцаў галоўных роляў - заслужанай артысткі Азербайджана Рыты Амірбекавай і народнага артыста Азербайджана Сафы Мірзагасанава. Праўда, мяркуючы па рэакцыі залы, спектакль азербайджанскіх артыстаў спадабаўся многім.
- Міла, забаўляльна, відовішчна, - падзялілася сваімі ўражаннямі ў час антракту работніца “Гідрамаша” Марыя Бондар. – Мы скарысталіся цудоўнай магчымасцю паглядзець пастаноўку тэатра з Баку і прыйшлі на спектакль усёй сям’ёй – са мною разам муж і дачка. Шкада толькі, што з фестывальных работ у нашым горадзе прадстаўлена толькі адна.
Леў МІХАЙЛАЎ.
Поделиться в соцсетях: