Пт, 07 февраля 2025
Прогноз погоды

Птицей года стал удод.

21/02/2013

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) выбрала птушыным сімвалам 2013 года ў Беларусі адну з нашых найбольш яскравых птушак – удода. Пра тое, чым цікавы ўдод і дзе яго можна ўбачыць у нашым раёне, мы паразмаўлялі з сябрам арганізацыі, кобрынскім арнітолагам Алесем Страчуком.

- Удод - гэта невялікая ярка афарбаваная птушка з доўгай дзюбай і чубком. Менавіта гэты яркі чубок, які можа раскрывацца ў выглядзе веера, і выдзяляе ўдода сярод іншых птушак, - расказвае Алесь Страчук. - Нягледзячы на тое, што птушка мае невялікі памер, візуальна яна здаецца нашмат большай, асабліва ў палёце.

Удод любіць адкрытыя прасторы - лугі, узлескі. Аднак часам можа гняздзіцца і ў блізкім суседстве з чалавекам - у сценах будынкаў і ў будаўнічым смецці. Сустракаюцца гнёзды ўдода ў пясчаных насыпах, у карэнні дрэў і інш.

Харчуецца птушка ў асноўным відамі, якіх людзі лічаць шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных культур. Злавiўшы буйнага жука, удод б'е яго аб зямлю ці камень, каб забіць і пазбавіць здабычу панцыра і ног. Пры гэтым птушка можа спрытна даставаць розных казявак і з зямлі. Для гэтага ва ўдода ёсць спецыяльныя мышцы, каб адкрываць дзюбу ў зямлі.

- Удоды жывуць парамі. Выседжвае яйкі толькі самка, а самец забяспечвае яе кормам, - распавядае Алесь Страчук. - Цікава назіраць, як абараняюцца птушаняты ўдода. У выпадку небяспекі яны выпускаюць у бок ворага са спецыяльнай залозы смярдзючую масляністую вадкасць. Птушаняты таксама добра «страляюць» памётам.

Аказваецца, што песню гэтай птушкі немагчыма зблытаць ні з якой іншай. Да трыццаці разоў за хвіліну ўвесну і летам удод можа паўтараць трохскладовы гук «упупуп».

Пры гэтым найбольшая верагоднасць сустрэць птушку на Палессі. Удод любіць сельскую мясцовасць, асабліва адкрытыя лугі і ўзлескі з голымі ўчасткамі зямлі.

- У нашым раёне ўбачыць удода можна таксама, калі адправіцца на адкрытыя мясцовасці, - кажа Алесь Страчук.

Агульная папуляцыя удодаў у Еўропе скарачаецца з-за таго, што людзі сталі больш інтэнсіўна асвойваць землі пад сельскую гаспадарку, а таксама з-за змянення сельскіх забудоў. Усяго ў нашай краіне ўдодаў налічваецца каля 20 тысяч пар, аднак падлікі праводзіліся больш за 10 гадоў таму.

Менавіта па гэтай прычыне АПБ будзе праводзіць сёлета ўлікі ўдодаў. Таксама арганізацыя плануе вырабіць і размясціць штучныя гнёзды для ўдода. Акрамя гэтага, увесь год будуць праходзіць разнастайныя конкурсы, такія, напрыклад, як конкурс дзіцячага малюнка і казак для дзяцей.

Настасся ЗАНЬКО.

Цікава ведаць!Удод быў святой птушкай у Старажытным Егіпце, быў намаляваны на сценах пірамід і храмаў. Згадваецца ў святых пісаннях — Бібліі і Каране. У 2008 годзе ўдод быў выбраны нацыянальнай птушкай Ізраіля.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу