Пт, 24 мая 2024
Прогноз погоды

Прыступка за прыступкай...

05/07/2010 Социум

Быць паўнацэнным членам грамадства. Не стаць цяжарам для сваіх блізкіх. Свабодна арыентавацца ў сацыяльным асяроддзі. Згадзіцеся — гэтыя жаданні ўласцівы кожнаму чалавеку. Калі ж гаворка ідзе пра людзей з аслабленым зрокам ці пра інвалідаў па зроку, то важнасць гэтых, здавалася б, зусім простых рэчаў павышаецца шматразова.Рэабілітацыя інвалідаў па зроку і інтэграцыя іх у грамадства — менавіта так можна сфармуляваць тэму, якая вось ужо 10 гадоў актыўна распрацоўваецца Кобрынскім ТЦСАН у цесным супрацоўніцтве з Кобрынскай раённай арганізацыяй грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку».- Нельга не адзначыць, што зроблена нямала, - расказвае старшыня арганізацыі Мікалай Смяховіч. - Напрыклад, інваліды па зроку сёння маюць магчымасць навучыцца працаваць з камп'ютарам — не так даўно ў ходзе работы з Беларускай асацыяцыяй сацыяльных работнікаў з'явіўся праект фарміравання спецыяльнага кабінета па рэабілітацыі з прымяненнем самых сучасных тыфлатэхнічных сродкаў, які, без сумненняў, дазволіць вывесці гэтую справу на новы ўзровень.Аднак рэабілітаваць чалавека, навучыць яго з аслабленым зрокам самастойна спраўляцца з бытавымі задачамі і арыентавацца ў сучасным соцыуме — гэта яшчэ не ўсё. Неабходна прадаставіць яму ўмовы для паўнацэннай інтэграцыі ў грамадства, сфарміраваць безбар'ернае асяроддзе. Дарэчы, гэтыя дадатковыя ўмовы пойдуць на карысць не толькі інвалідам па зроку, але і ўсім жыхарам нашага горада. Змен, якія адбыліся ў нашым горадзе ў гэтым плане, не заўважыць немагчыма - практычна ва ўсіх установах каля прыступак з'явіліся поручні і пандусы, нарэшце «загаварылі» святлафоры, якія цяпер папярэджваюць аб магчымасці пераходу гукавым сігналам, ды і самі пераходы сталі зручнымі і прыкметнымі.Наступны праект, арганізаваны Кобрынскім ТЦСАН, які плануецца здзейсніць у нашым горадзе ў гэтым накірунку ўжо ў ліпені, можна назваць «Жоўтая прыступка». Справа ў тым, што людзям з аслабленым зрокам бывае вельмі цяжка разгледзець змену ўзроўню паверхні. І калі, напрыклад, не заўважыш няроўнасць на дарозе, гэта яшчэ паўбяды. А вось калі выпадкова не заўважыш прыступку, то ўпасці можна вельмі непрыемна — і нават атрымаць цяжкую траўму. Менавіта з гэтай нагоды ў многіх краінах свету першыя і апошнія прыступкі пры ўваходзе ва ўстановы сацыяльнага прызначэння — у магазіны, аптэкі, аддзяленні сувязі — звычайна маркіруюцца яркім, кантрастным колерам альбо святлоадлюстроўваючай стужкай. Гэтая невялікая — і, дарэчы, зусім недарагая дэталь значна палепшыць умовы арыентацыі не толькі для інвалідаў па зроку, але і для ўсіх, хто мае пэўныя праблемы ў гэтай вобласці. Напрыклад, людзі з захворваннямі сятчаткі вока пры вельмі слабым ці, насупраць, занадта моцным асвятленні могуць і не заўважыць невысокіх перашкод. А ў выпадку афарбоўкі першай і апошняй прыступак у жоўты колер яны будуць адразу выдзяляцца на агульным фоне, выключаючы магчымасць іх не заўважыць.Што ж датычыцца думак пра тое, што жоўтыя прыступкі будуць выдзяляцца з агульнай карціны горада, то, паважаныя чытачы, асабіста мне хочацца з гэтай нагоды сказаць толькі адно... Ніхто з нас не можа быць упэўненым, што заўтра, напрыклад, з праблемамі зроку не сутыкнецца ён сам. І, магчыма, менавіта гэтая невялікая дэталь, як адзін са шматлікіх кампанентаў безбар'ернага асяроддзя, якое паступова фарміруецца ў нашым горадзе, аднойчы выратуе вам ваша эмацыянальнае і фізічнае здароўе.Дзмітрый БЯЛОЎ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу