Каб вы пазнаёміліся з Галінай Мігурай з вёскі Літвінкі, то, хутчэй за ўсё, не забыліся б пра гэтую сустрэчу. Больш пазітыўнага і светлага чалавека я не сустракала, ніколі. Яна – носьбіт цудоўных песень, прыказак і прымавак, сапраўдная скарбніца фальклору. Галіна Мартынаўна ў свае 90 спявае высокім, звонкім і чыстым голасам. Ад задорных прыпевак ў яе выкананні так і хочацца пайсці ў скокі.
– Голас ёсць, – смяецца Галіна Мартынаўна. – А вось ногі ўжо не тыя.
Нарадзілася Галіна Мартынаўна 21 лютага ў шматдзетнай сям’і, у якой, акрамя яе, гадавалася яшчэ сямёра дзяцей. А зямлі на такую колькасць душ было ўсяго дзве дзесяціны, менш нават чым два гектары. І каб зарабіць на жыццё, дзеці хадзілі да багатых пасці жывёлу. Як згадвае жанчына, цяжка было ёй, васьмігадовай дзяўчынцы: кароў шмат, а дзялянка, дзе пасці, – вузкая: ні на хвіліну не прысесці, бо ўвесь час трэба глядзець, каб не залезці ў чужое. Як дома зранку паясі, так і ўсё, ледзьве да абеда дачакаешся. Так яна пасвіла ўсю вясну ды лета, а ў верасні дзяўчынку адпускалі ў школу.
Нястомна працавалі і бацькі. Але Галіна Мартынаўна не помніць іх нават у дрэнным настроі, не тое, што ў сварцы. Яны былі надзвычай вясёлыя і добрыя, ведалі шмат песень. Як сёння помніць Галіна Мігура “шару гадзіну”, час, калі запальваць лямпу было яшчэ рана, а рабіць было ўжо цёмна. Тады, размясціўшыся хто на печы, хто на лаве, сям’я спявала на ўсе галасы. А позна вечарам, калі бацька шыў, а мама прала, спявалі за работай. Галіна Мартынаўна назаўсёды захавала ў памяці тыя матывы і мелодыі, якія чула з дзяцінства.
Пачатак вайны Галіна Мартынаўна асацыюе з самалётамі, якія ўсё ляцелі і ляцелі бясконцай чарадою. Але ніякага страху ў яе чамусьці не было, бо асэнсаванне трагедыі прыйшло пазней, у больш сталым узросце. Маладосць брала сваё, таму ўсё роўна збіраліся разам, завешвалі вокны, пралі ды спявалі паціху.
Замуж Галіна Мартынаўна пайшла ў 19 гадоў. Нарадзіла дваіх дзетак - Антаніну ды Анатоля. Уладкавалася на работу ў сельскі Савет сакратаром. Муж Пётр добра шыў кажушкі, а Галіна прыгожа вышывала. Так, моднымі на той час вышыванымі кажушкамі маладыя зараблялі на жыццё і на сваю хату. Пазней Галіна Мартынаўна пайшла рахункаводам у калгас, дзе адпрацавала 13 гадоў. Пасля працавала ў магазіне, на чыгуначнай станцыі ў Брэсце стрэлачніцай. Але пасля 5 гадоў работы зноў вярнулася ў родны магазін, адкуль і пайшла на пенсію.
Аднойчы жанчына пазнаёмілася з Уладзімірам Шабліцкім. У той час ён быў загадчыкам сельскага Дома культуры. Галіна Мартынаўна ведала, што ён збірае калектыў, што яму патрэбны людзі, а таму і запрасіла яго ў хату “Да Панцялееўны”, дзе на той час арганізоўвалі вячоркі.
Так і стварыўся ансамбль “Ліцвінянка”, які аб’ездзіў не адзін горад і нават краіну. Бясцэнны скарб – мову і культуру нашага народа - ліцвінянкі праз песні даносілі да людзей. Званне “народны”, якое яны атрымалі, – заслуга ў тым ліку і Галіны Мартынаўны. Бацькоўскія песні на польскай, украінскай і беларускай мовах яна помніць да апошняга слова.
Нягледзячы на ўзрост, Галіна Мартынаўна трымае трусоў, курачак, даглядае агарод. І ні хвіліны спакою, ні хвіліны без працы, бо рух – гэта жыццё.
Ксенія ПАЛЬТО.
НА ЗДЫМКУ аўтара: (злева направа) бібліятэкар Батчынскай публічнай бібліятэкі Алена Рудская, мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Ліцвінянкі” Уладзімір Шабліцкі, Галіна Мартынаўна, старшыня Батчынскага сельсавета Святлана Гангала, акампаніятар народнага фальклорнага калектыву “Ліцвінянкі” Георгій Саўчук.
Поделиться в соцсетях: