Прогноз погоды
Ср, 02 июля 2025

Першае збожжа – у засеках дзяржавы

16/07/2019

Уборка новага ўраджаю – самая адказная пара для тых, хто працуе на зямлі. Сімвалічны і хвалюючы момант жніва – паступленне першага хлеба - адзначылі на Кобрынскім хлебапрыёмным прадпрыемстве ААТ “Брэстхлебапрадукт”. Першымі збожжа даставілі хлебаробы з ААТ “Гарадзец-агра” – усяго ў гаспадарцы сёлета трэба ўбраць 4490 га збожжавых.

- Дзяржаўны заказ складае 8900 т, у тым ліку 4200 т пшаніцы, 4000 т жыта, 200 т ячменю, 400 т аўса і 100 т проса, - расказвае начальнік Кобрынскага хлебапрыёмнага прадпрыемства ААТ “Брэстхлебапрадукт” Віктар Балабушка. – Да прыёму збожжа гатовы – зроблены капітальны рамонт пад’ёмніка, заменены стужкі транспарцёраў.

Героем дня стаў вадзіцель ААТ “Гарадзец-агра” Валерый Кугач, які на сваім “МАЗе” прывёз больш за 25 т азімага жыта і ўзначаліў першую партыю збожжа ад гарадзецкіх хлебаробаў агульнай вагой каля 150 т. Адбор проб для аналізаў у лабараторыі, заезд на ўзважванне – і вось першае збожжа залацістай ракой льецца ў засекі дзяржавы. Ва ўрачыстай атмасферы сімвалічны каравай першаму вадзіцелю і галоўнаму аграному ААТ “Гарадзец-агра” Сняжане Ячнік уручылі Віктар Балабушка і тэхнік-лабарант Кацярына Лонева. Старт хлебаўборачнай кампаніі дадзены - застаецца толькі пажадаць кобрынскім хлебаробам добрага надвор’я, каб сабраць вырашчаны ўраджай.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Віктар Балабушка і тэхнік-лабарант Кацярына Лонева ўручаюць сімвалічны каравай першаму вадзіцелю і галоўнаму аграному ААТ “Гарадзец-агра” Сняжане Ячнік;

адбор проб праводзіць намеснік начальніка лабараторыі Кобрынскага хлебапрыёмнага прадпрыемства ААТ “Брэстхлебапрадукт” Святлана Іванушка

льецца збожжа залатое

фота Дзмітрый БЯЛОЎ

 

Поделиться в соцсетях: