Ср, 09 октября 2024
Прогноз погоды

Паштовая сувязь: крок у сучаснасць

12/08/2009 Социум

    У мінулы аўторак супрацоўнікі Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі адзначалі важную падзею. На базе аграгарадка ў в. Батчы завяршылася мадэрнізацыя мясцовага будынка аддзялення паштовай сувязі, які па выніках таргоў на аўкцыёне перайшоў ва ўласнасць РВПС. У максімальна кароткія тэрміны ўдалося зрабіць многае. Цяпер будынак мае сучасны знешні выгляд, значна павялічыліся плошчы памяшканняў для абслуговага персаналу і кліентаў. Батчынскія супрацоўнікі пошты ўласнымі намаганнямі зрабілі добраўпарадкаванне сумежнай тэрыторыі, ля ўваходу ў будынак уладкавалі прыгожы кветнік, устанавілі бетонную дэкаратыўную агароджу.

    Спектр паслуг, якія аказваюцца кліентам, адпавядае патрабаванням сучаснасці. Тут можна аформіць падпіску на любімае выданне, набыць тавары народнага спажывання, аплаціць камунальныя і іншыя паслугі і г.д. У бліжэйшай будучыні плануецца арганізаваць падключэнне ўсіх жадаючых да сеткі аператараў сотавай сувязі.

    Адкрыццё абноўленага будынка вузла паштовай сувязі адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы. Традыцыйную чырвоную стужку на ўваходзе было даручана перарэзаць намесніку генеральнага дырэктара Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Вользе Юрашэвіч, начальніку Кобрынскага РВПС Наталлі Міхнёнак і начальніку Батчынскага аддзялення сувязі Соф’і Шрамук. Першыя наведвальнікі з зацікаўленасцю выстраіліся ў невялікую чаргу. Кожнаму з іх давялося на ўласныя вочы пераканацца ў тым, што знешні выгляд адпавядае і ўнутранаму. Дарэчы, паводле іх водгукаў, новае аддзяленне выклікала толькі пазітыўныя эмоцыі. Як зазначыла Вольга Юрашэвіч, рамонт аддзялення выкананы на даволі высокім узроўні. Прыемна і тое, што вынікам работы калектыву батчынскіх паштавікоў таксама была дадзена здавальняючая ацэнка.

    У кастрычніку Кобрынскі РВПС будзе святкаваць 70-годдзе з дня заснавання пошты. У сувязі з гэтым на некаторыя пытанні нашага карэспандэнта адказала яе начальнік Наталля Міхнёнак.

    - Наталля Аляксееўна, гэты год удвая знакавы для вашай арганізацыі. Вы рыхтуецеся да прафесійнага юбілею і, напэўна, выконваеце шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009”. Што на сённяшні дзень зроблена ў гэтым плане?

    - Намаганнямі Кобрынскага РВПС сёлета распачалася мадэрнізацыя нашага галоўнага будынка (6-е аддзяленне сувязі) па вул. Інтэрнацыянальнай. Выконваюцца работы па абнаўленню фасадаў, капітальна рамантуюцца ўнутраныя памяшканні. Гэтая работа даручана будаўнікам Гродзенскага і Брэсцкага філіялаў фірмы “Белрамбудсувязь“. У будынку 6-га аддзялення плануецца замяніць абсталяванне, мэблю, будуць выдзелены новыя памяшканні для работы з карпаратыўнымі кліентамі для аказання дылерскіх і іншых паслуг. У гэтым годзе таксама запланавана ўзвядзенне новага будынка модульнага тыпу 3-га аддзялення сувязі (раён БАМа) па вул. Новай. 1-е гарадское аддзяленне на пачатак жніўня адрамантавана практычна поўнасцю. Пачалі закупаць будматэрыялы для рамонту 2-га аддзялення, якое знаходзіцца ў былым ваенным гарадку. Таксама для навядзення належнай эстэтыкі і прыгажосці патрабуюцца сур’ёзная работа і фінансавыя сродкі. Акрамя гэтага, мы плануем уладкаваць у будынку РВПС кабінет гісторыі пошты. Прадставім фотаздымкі і біяграфічныя матэрыялы супрацоўнікаў, якія працавалі на Кобрыншчыне ў сферы паштовай сувязі.

    - А з якімі вынікамі і ў якіх умовах працуе пошта?

    - У кожнага супрацоўніка Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі даволі напружаны графік. Гэта звязана перш за ўсё з жорсткай канкурэнтнай барацьбой у сучасных умовах. Глабальная сетка Інтэрнэт з яго разнастайнымі сэрвісамі, электроннымі выданнямі вымушае паштавікоў імкнуцца заўсёды падтрымліваць высокую марку ў рабоце, ствараць сваім кліентам максімальна камфортныя ўмовы абслугоўвання, распрацоўваць і ўкараняць інавацыйныя падыходы дзейнасці на перспектыву.

    Адзін з галоўных паказчыкаў нашых штодзённых спраў – выкананне даведзеных планаў у межах падпісной кампаніі. Супрацоўнікі паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Сёння мы прадстаўляем шырокі спектр выданняў на розны густ і ўзрост, інтэлектуальны і прафесійны ўзровень. Перавыкананы такі немалаважны паказчык, як рэалізацыя тавараў, у тым ліку і народнага спажывання, большая частка з якіх – айчыннай вытворчасці.

    Хочацца адзначыць работу калектыву 3-га гарадскога аддзялення, які неаднаразова займаў прызавыя месцы ў раённым конкурсе “Лепшы па прафесіі”, паштальёнаў Галіны Марчук, Вольгі Жук, Галіны Баранчук і іншых. Добра працуюць спецыялісты з Шамятоўскага і Батчынскага аддзяленняў паштовай сувязі. Наогул, гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга. Усяго ў нас налічваецца 117 паштальёнаў. І усе яны – Прафесіяналы з вялікай літары. Хочацца шчыра падзякаваць ім за плённую працу, пажадаць здароўя, дабрабыту, міру і паболей падпісчыкаў, якія заўсёды чакаюць у госці паштальёнаў.

    Раман МЕЛЬНІК.

    НА ЗДЫМКУ аўтара:

    (злева направа) начальнік Кобрынскага РВПС Наталля Міхнёнак, намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Вольга Юрашэвіч, начальнік Батчынскага аддзялення паштовай сувязі Соф’я Шрамук, эканаміст Кобрынскага РВПС Таццяна Назарук, батчынскія паштальёны Людміла Карліцкая, Святлана Гардзейчык і Валянціна Александрова.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу