Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

“Палессе” пашырае межы

03/02/2011

СТАА “ВП Палессе” ўдастоена звання лаўрэата прэміі Брэсцкага аблвыканкама ў галіне якасці за 2010 год.

Летась у межах плана мерапрыемстваў, прысвечаных Году якасці, на “Палессі” пачалі паступова пазбаўляцца ад энергаёмістых працэсаў, актыўна ўкараняць інавацыйныя тэхналогіі. Так, напрыклад, паспяхова дзейнічае новая сістэма “ОНІ”, якая адводзіць інверсійнае цяпло ад тэхналагічнага абсталявання і раўнамерна размяркоўвае яго па цэхах.

- Гэта дазволіла нам не толькі вырашыць пытанне з ацяпленнем, але і істотна сэканоміць грошы, - распавядае начальнік аддзела аховы працы прадпрыемства Алег Кавальчук. - Было знойдзена адзінае правільнае выйсце і з уладкаваннем на вытворчасці замест устарэлых дымавых шахтаў крыніц натуральнага асвятлення. Паралельна ўладкаваны і сучасныя сістэмы пажарнай бяспекі.

За 2010 год істотна мадэрнізавана вытворчасць. У эксплуатацыю было ўведзена 23 адзінкі новага энергазберагаючага абсталявання аўстрыйскай фірмы “Энгель”. На перспектыву плануецца пашырэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і будаўніцтва новага памяшкання “Палесся”, якое будзе ўзведзена ў адпаведнасці з сусветнымі стандратамі ў прамысловасці.

Адным з галоўных напрамкаў развіцця прадпрыемства было і застаецца захаванне існуючых і пошук новых рынкаў збыту тавараў  не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Нагадаем, што асартыментны пералік “Палесся” на сучасным этапе складаецца з больш як 500 відаў тавараў, кожны з іх сертыфікаваны. У ліку найбольш надзейных і буйных партнёраў значыцца Расійская Федэрацыя, куды пастаўляецца прыкладна 80 працэнтаў ад агульнага аб’ёму прадукцыі. Упершыню дасягнуты адпаведныя дзелавыя дамоўленасці аб узаемасупрацоўніцтве з Грэцыяй і Кіпрам. Складаней асвойваць рынкі Заходняй Еўропы, дзе заўсёды адчуваецца жорсткая канкурэнтная барацьба за спажыўца. Тым не менш менеджары кобрынскага прадпрыемства прасоўваюць сваю прадукцыю. Так, у лютым адбудзецца прэстыжная міжнародная спецыялізаваная выстава дзіцячай прадукцыі ў г. Нюрнбергу (Германія), куды ў якасці ўдзельнікаў ужо традыцыйна запрошаны і кабрынчане.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: камплектоўшчыцы дэталяў цацак Ірына Нікітчык (злева), Вольга Грушкевіч і намеснік начальніка зборачнага цэха Ларыса Дырда праводзяць маніторынг якасці гатовай прадукцыі.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу