Чт, 05 декабря 2024
Прогноз погоды

Пад знакам міласэрнасці

02/08/2017 Время реальных дел

Грукат магутных матораў, складаная траса і непаўторны адрэналін, які з’яўляецца неадрыўнай часткай усіх тэхнічных відаў спорту. Гэта – чарговыя спаборніцтвы па джып-трыале “Пясчаныя дзюны-2017”, арганізаваныя клубам аматараў пазадарожнікаў “Вітара-Кобрын” сумесна з Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, якія ў мінулыя выхадныя прайшлі каля вёскі Каташы.- У сённяшніх спаборніцтвах прымаюць удзел спартсмены з Брэста, Мінска, Гродна і, зразумела, Кобрына, - расказвае старшыня клуба “Вітара-Кобрын” Дзмітрый Андраюк. – Удзельнічаюць як пазадарожнікі, так і квадрацыклы. Гэта - дабрачыннае мерапрыемства, сабраныя сродкі пойдуць выхаванцам Кобрынскага дзіцячага дома.

Як адзначыў старшыня Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ Аляксандр Аксюціч, з выхаванцамі дзіцячага дома як арганізацыйная структура, так і джыперы супрацоўнічаюць ужо не першы год, і да кожнага дабрачыннага мерапрыемства спартсмены ставяцца з вялікім энтузіязмам.– Мерапрыемства выдатным чынам пацвярджае, што сярод нас вельмі многа неабыякавых людзей, якія імкнуцца ўнесці свой пасільны ўклад у жыццё гэтых дзяцей, што воляю лёсу апынуліся ў дзіцячым доме, - падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч. – Са свайго боку мы ажыццяўляем агульнае кіраўніцтва правядзення спаборніцтваў і займаемся ўсімі неабходнымі ўзгадненнямі.

І вось яна, доўгачаканая хвіліна, – раскідваючы фантаны пяску, першыя машыны сарваліся са старту. Трэба адзначыць, што траса, якую з фантазіяй распрацоўвалі арганізатары, налічвала нямала сюрпрызаў – некаторыя ўчасткі даводзілася літаральна “прапаўзаць” на мяжы магчымасцяў тэхнікі, што далёка не ва ўсіх спартсменаў атрымлівалася з першага разу. Побач з дарагімі замежнымі ўсюдыходамі самым выдатным чынам паказвалі сябе “УАЗы” і “Нівы”, масу эмоцый гледачоў выклікалі і самаробныя агрэгаты, пазнаць у якіх машыну-“донара” часам было практычна немагчыма, і квадрацыклы, якія з лёгкасцю пераадольвалі любыя перашкоды.Ну а самымі задаволенымі, як заўсёды, засталіся маленькія гледачы, якія на працягу гэтага цікавага дня атрымалі магчымасць яшчэ і пакатацца на магутных і прыгожых машынах.– Настрой дзяцей проста цудоўны, - дзеліцца сваімі ўражаннямі дырэктар Кобрынскага дзіцячага дома Наталья Дудко. – Усяго ў нас 39 выхаванцаў, усе – з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і сённяшняе мерапрыемства для іх – гэта проста сапраўдная казка, якая, безумоўна, стане адным з самых яркіх успамінаў аб гэтым леце.

Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКАХ аўтара: моманты спаборніцтваў; выхаванцы дзіцячага дома асвойваюць квадрацыклы.

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу