Вучыцца, як вядома, не позна ніколі. Тым больш – у сталым узросце, калі авалодваць любімай справай ці проста павышаць свой інтэлектуальны ўзровень не перашкаджаюць ні адсутнасць часу, ні штодзённая работа. Аднак адукацыйная дзейнасць для людзей “залатога” ўзросту мае шмат асаблівасцяў – што звязана як са спецыфікай аўдыторыі, так і з накіраванасцю запатрабаваных праграм. Як зрабіць гэты працэс больш эфектыўным, якія шляхі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў свеце – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся ў час польска-ўкраінска-беларускай сустрэчы для выкладчыкаў універсітэтаў трэцяга ўзросту, якая прайшла нядаўна на базе аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН. - Людзі старэйшага пакалення – гэта вельмі важны рэсурс нашага грамадства, - адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка. – У сувязі з гэтым хацелася б адзначыць важнасць нашай сённяшняй сустрэчы, прысвечанай універсітэтам трэцяга ўзросту – магчыма, што ў хуткім часе гэтая з’ява стане звычнай і для нашых пажылых людзей. На працягу візіту госці расказалі аб асаблівасцях работы з пажылымі ў сваіх рэгіёнах, падзяліліся вопытам і ўласнымі распрацоўкамі. З вялікай цікавасцю была ўспрынята інфармацыя аб адукацыйнай рабоце з пажылымі, якая вядзецца ў Кобрынскім ТЦСАН. Для людзей сталага ўзросту тут распрацаваны цэлы шэраг адукацыйных праграм – такіх, як “Школа здароўя”, “Школа садавода”, “Мастацтва рэлаксацыі”, “Камп’ютарная граматнасць для пачынаючых” і інш. На падставе такіх адукацыйных праграм таксама магчыма стварэнне ўніверсітэта трэцяга ўзросту – наступнай ступені ў развіцці адукацыйнай дзейнасці для пажылых. - Наш універсітэт у свой час пачынаўся як просты клуб пажылых людзей, - расказвае кіраўнік універсітэта трэцяга ўзросту пры Вроцлаўскім універсітэце ў Польшчы доктар Аляксандр Кабылярэк. – Людзі проста сустракаліся, каб абмяняцца вопытам і ведамі, якія дапамаглі б ім жыць і камфортна сябе адчуваць у сталым узросце. Зрэшты, менавіта гэтая мэта застаецца галоўнай і для ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту. На практыцы гэта значыць, што людзі самі выбіраюць для сябе накірунак – напрыклад, гістарычны, эканамічны, турыстычны і гэтак далей. Другое пытанне - знайсці выкладчыкаў. Як адзначалі госці, ва Вроцлаве, у Львове і Гродна на дапамогу грамадскім арганізацыям прыходзяць вышэйшыя навучальныя ўстановы. Хаця ўвогуле ніякіх жорсткіх абмежаванняў няма – універсітэты трэцяга ўзросту могуць існаваць і пры навучальных установах, і пры грамадскіх арганізацыях, і на базе сацыяльных служб. Дарэчы, ёсць адпаведныя ідэі ў гэтым накірунку і сярод грамадскіх арганізацый Кобрыншчыны. Як адзначыла дырэктар Кобрынскай дзіцячай вёскі і старшыня клуба дзелавых жанчын “Бона” Ала Сапяжынская, нягледзячы на тое, што на Кобрыншчыне няма вышэйшых навучальных устаноў, якія маглі б дапамагчы стварэнню ўніверсітэта трэцяга ўзросту, і пакуль яшчэ дакладна не вызначана, у якой менавіта форме будзе развівацца гэтая ініцыятыва, цеснае супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і сацыяльных служб, якое вядзецца ў нашым рэгіёне, проста павінна прывесці да пазітыўнага выніку.Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: