Сустрэчы-справаздачы ў працоўных калектывах старшыні Кобрынскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, якія праводзяцца ў межах Адзінага дня інфармавання, - гэта выдатная магчымасць для працаўнікоў раёна, каб пагутарыць з кіраўніцтвам, задаць набалелыя пытанні і атрымаць абгрунтаваныя, кампетэнтныя адказы. Чарговая сустрэча 5 чэрвеня адбылася на базе дзяржаўнай доследнай лесагаспадарчай установы “Кобрынскі доследны лясгас”.
Адкрыў мерапрыемства дырэктар Аляксандр Кулік. Ён далажыў кіраўніку раёна аб стане спраў у лясгасе на сучасным этапе. Так, на працягу многіх гадоў мэты і задачы ўстановы застаюцца нязменнымі - вырошчванне леса, яго ахова, узнаўленне і лесаразвядзенне. Агульная плошча лясгаса - 73796 га. У наяўнасці ёсць уся неабходная для работы тэхніка, своечасова праводзіцца мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых вытворчасцяў. Так, у 2018 годзе ў Дзівінскім цэху перапрацоўкі драўніны была запушчана новая вытворчая лінія, якая дазволіла істотна нарасціць аб’ёмы прадукцыі і цалкам перайсці на выпуск гатовых піламатэрыялаў. Спецыяльнае абсталяванне цэха дазваляе вырабляць паліўную шчапу, якая з’яўляецца годнай альтернатывай прыроднаму газу. За кошт пашырэння вытворчасцяў штат супрацоўнікаў пашырыўся. Усяго ж у Кобрынскім лясгасе налічваецца 350 работнікаў. Прадпрыемства працуе рэнтабільна. Сярэднямесячная заработная плата ў 2019 годзе тут склала 1029 рублёў, што з’яўляецца найвышэйшым паказчыкам сярод аналагічных устаноў Брэсцкай вобласці.
Міхаіл Грышкевіч пазітыўна ахарактарызаваў работу Кобрынскага доследнага лясгаса, падзякаваў за працу, і адзначыў, што межаў для дасканаласці не існуе. У сучасных рэаліях адміністрацыі ўстановы неабходна больш гнутка працаваць з экспартам прадукцыі (на сучасным этапе асноўныя экспартныя партнёры Кобрынскага лясгаса - краіны Балтыі і Германія ), напрацоўваць новыя дзелавыя кантакты, імкнуцца аператыўна рэагаваць на выклікі сучаснага рынку. Высокая канкурэнцыя заўсёды з’яўляецца стымулам для таго, каб працаваць яшчэ лепш. Старшыня райвыканкама праінфармаваў прысутных аб тым, як у раёне развіваецца прамысловасць і бізнес на прыкладзе градаўтваральных вытворчых прадпрыемстваў - СТАА “ВП Палессе” і ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”.
Да старшыні райвыканкама паступіла шэраг пытанняў. Людзей па-ранейшаму хвалюе лёс пабудоў былога кансервавага завода. Міхаіл Грышкевіч нагадаў, што гаспадарамі гэтага аб’екта цяпер з’яўляюцца прыватнікі, якія плануюць у перспектыве рэалізаваць праект па развядзенні і перапрацоўцы рыбы. Кіраўнік раёна прапанаваў бізнесменам арганізаваць на гэтых плошчах участак па перапрацоўцы садавіны і ягад. Мясцоваму насельніцтву такая ідэя была б цікавая. Міхаіл Грышкевіч расказаў, як на тэрыторыі Кіселявецкага сельсавета будуецца завод па вытворчасці грыбніц для вырошчвання шампіньёнаў. Геаграфічнае месцазнаходжанне Кобрына, наяўнасць транспартных камунікацый адкрываюць магчымасць для рэалізацыі тут новых цікавых праектаў. Так, распрацоўваецца пытанне па будаўніцтве ў раёне буйнога лагістычнага цэнтра.
Ад супрацоўнікаў лясгаса паступалі пытанні бытавога характару, у тым ліку ўладкавання каналізацыі, гарачага водазабеспячэння, якасці вады, добраўпарадкавання гарадскіх тэрыторый, землекарыстання і іншыя, на якія далі вычарпальныя адказы як старшыня райвыканкама, так і яго намеснік Аляксандр Мартынюк.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: