Побач з намі жывуць ветэраны вайны і працаўнікі тылу – жывыя сведкі страшных і гераічных падзеяў Вялікай Айчыннай вайны. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь яны атрымалі віншаванні і падарункі падчас святочнай акцыі, арганізаванай Кобрынскім райвыканкамам, Кобрынскім раённым камітэтам ГА “БРСМ” і ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”.
Разам з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – начальнікам аддзела пенсій і дапамог Галінай Алясюк і першым сакратаром Кобрынскага РК ГА “БРСМ” Марынай Бандарук мы заходзім у дом Паўла Гілевіча. Павел Дзмітрыевіч зведаў жахі акупацыі, быў прызваны ў армію ў 1944 годзе, служыў камандзірам разліку станкавага кулямёта. У час наступлення недалёка ад Варшавы быў цяжка паранены асколкам, у выніку чаго страціў нагу.
Для яшчэ аднаго ветэрана, Мікалая Гілеціча, ваенная служба таксама пачалася ў 1944 годзе, але не скончылася і пасля Дня Перамогі, які ён сустрэў у мястэчку Грос-Фрыдрыхсберг – былым маёнтку гаўляйтара Васточнай Прусіі Эрыха Коха пад Кёнігсбергам. Мікалай Антонавіч працягваў пазбаўляць зямлю ад нямецкіх мін, якіх абясшкодзіў больш за тысячу.
Важны ўклад у Перамогу ўносіў працаўнік тылу Фёдар Катаўшчыкоў, які жыве па вуліцы Чырвонагвардзейскай і мае шмат узнагарод за самаадданую працу ў тыле. Менавіта такія людзі забяспечвалі савецкую армію ўсім неабходным, не шкадуючы сіл, стаялі каля станкоў і мартэнаўскіх печаў.
Ёсць што расказаць маладому пакаленню і ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Нінэлю Гасюку, які прайшоў усю вайну, – сярод іншага, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Пскоўскай і Смаленскай абласцях, у страшным штурме Гняздзілаўскіх вышынь, заслужыў ордэн Вялікай Айчыннай вайны I ступені, тры медалі “За адвагу” і многія іншыя ўзнагароды. І сёння, нягледзячы на гады, Нінэль Паўлавіч захоўвае бадзёрасць духу і жыва цікавіцца жыццём маладога пакалення.
Ва ўрачыстай атмасферы Галіна Алясюк і Марына Бандарук уручылі ветэранам памятныя падарункі, а таксама смачную і карысную прадукцыю Кобрынскага масларобна-сыраробнага завода. Кобрыншчына заўсёды будзе помніць ветэранаў, якія адстаялі нашу свабоду і незалежнасць.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота: Дзмітрый Бялоў
Галіна Алясюк і Марына Бандарук віншуюць з Днём Незалежнасці Фёдара Катаўшчыкова.
Поделиться в соцсетях: