Толькі што закончыўся лівень, і збожжаўборачныя камбайны вымушаны былі вярнуцца з поля на машынны двор. Надвор’е зноў паднесла ўдзельнікам жніва нежаданы сюрпрыз. Гэты незапланаваны перапынак намеснік дырэктара ААТ “Астромічы” Валянцін Пазняк і старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Іна Астапук выкарысталі для таго, каб разам з камбайнерамі падвесці вынікі ўборкі, павіншаваць пераможцаў спаборніцтва. Асаблівай пахвалы заслужыў экіпаж збожжаўборачнага камбайна КЗС-10 у складзе Івана Назарчука і Сяргея Дзецука. З пачатку жніва яны намалацілі тысячу тон збожжа. Валянцін Рыгоравіч шчыра павіншаваў “тысячнікаў”. Старшыня прафкама сельгаспрадпрыемства ўручыла камбайнерам Пісьмы падзякі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і каштоўныя падарункі.
Пакуль віншавалі камбайнераў, паступіла інфармацыя, што значны ўчастак поля каля вёскі Боркі дождж абмінуў. Галоўны аграном Уладзімір Сідарук адразу даў каманду – і збожжавыя камбайны адзін за адным пакінулі машынны двор.
- Сёлетняе жніво не з лёгкіх, - удакладняе дырэктар ААТ “Астромічы” Уладзімір Псышчаніца. – Вось і даводзіцца манеўраваць уборачнай тэхнікай. Камбайнеры настроены па-баявому. Ды і ўраджай вырашчаны нядрэнны. Валавы збор збожжа ў параўнанні з мінулым годам павялічылі на 400 тон.
Хутка папоўніць рады “тысячнікаў” і экіпаж збожжаўборачнага камбайна ў складзе Аляксандра Дзяшко і Юрыя Піліповіча. На іх рахунку цяпер больш як 900 тон намалочанага збожжа. Больш за 800 тон яго перавёз ад камбайнаў вадзіцель Аляксей Аўсяйчук. Яшчэ чатыры дні спрыяльнага надвор’я – і ўборка збожжавых будзе паспяхова завершана.
Для гэтага ў акцыянерным таварыстве створаны ўсе ўмовы. Удзельнікі жніва забяспечаны гарачымі абедамі, за добрую працу заахвочваюцца маральна і матэрыяльна. Дарэчы, такі клопат праяўляюць тут і аб тых, хто заняты на назапашванні кармоў для грамадскага статка. Цяпер на сенажацях працуюць дзве касілкі. Назапашваць сена і сянаж дапамагае гаспадарцы і механізаваны атрад ААТ “Кобрынрайаграсэрвіс”.
Аляксей САЦУК.
НА ЗДЫМКАХ Дзмітрыя БЯЛОВА:
Іван Назарчук і Сяргей Дзяцук прымаюць віншаванні з працоўнай перамогай; задаволены багатым ураджаем збожжавых і паляводы гаспадаркі, якія працуюць на збожжатаку.