У мінулую пятніцу ў райвыканкаме адбылася дзелавая сустрэча паміж прадстаўнікамі выканаўчай улады, членамі экспертнай камісіі па ацэнцы турыстычных магчымасцяў (регіёнаў) праекта USAID, рэалізуемага ПРААН у Беларусі, і гаспадарамі вядучых аграэкасядзіб Кобрыншчыны. Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася прысутнымі, – укараненне на Кобрыншчыне канкурэнтаздольнага турыстычнага прадукту, які б адпавядаў патрабаванням сучаснасці, быў цікавым і прывабным для адпачываючых.
Як адзначыў начальнік аддзела па фізкультуры, спорце і турызме райвыканкама Васіль Знахарчук, паводле вынікаў двух адборачных тураў конкурсу зялёны маршрут “Муховэцька кумора”, які з дапамогай мясцовай улады, калег і зацікаўленых структур распрацавала гаспадыня аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Ала Палікарпук, атрымаў высокую ацэнку конкурснай камісіі і ўвайшоў у лік пілотных тэрыторый, дзе будуць рэалізаваны мерапрыемствы па развіцці аграэкатурызму.Ала Аляксееўна ў выглядзе слайд-шоу прэзентавала прысутным гэты зялёны маршрут. Ён прапануе захапляючыя экскурсіі па Кобрынскім і Жабінкаўскім раёнах. Адметна, што акцэнт зроблены на аздараўленне турыстаў. Увазе гасцей прапануецца магутны патэнцыял аквапарку, лядовай арэны, ДРАЦ “Колас”, РФАУ “Атлант” і інш. Прыхільнікі здаровага ладу жыцця змогуць паўдзельнічаць у турпаходах, падарожжах на байдарках і нават у геалагічных экспедыцыях.Нацыянальны каларыт у маршрут уносяць мясцовыя рамеснікі пад кіраўніцтвам народнага майстра Уладзіміра Чыквіна, якія актыўна развіваюць супрацоўніцтва з гаспадарамі аграэкасядзіб, праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы рознага кшталту, вырабляюць разнастайную сувенірную прадукцыю, якая сімвалізуе Беларусь і нашу Кобрыншчыну. Цудоўнымі папулярызатарамі этнічных святаў і фальклорных фестываляў з’яўляюцца члены клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Перунова кола”, дзіцячы танцавальны калектыў школы мастацтваў “Пралесачкі”, шоу-балет “Мадэрн” і многія іншыя.Як адзначыў член экспертнай камісіі Леанід Гайдукевіч, важна зрабіць так, каб госці затрымаліся на Кобрыншчыне не на гадзіну ці дзень, а на значна большы час.Шмат належыць зрабіць па рэкламе патэнцыялу аграэкасядзіб у глабальнай сетцы інтэрнэт. Пакуль яшчэ не ўсе гаспадары маюць свае інтэрнэт-сайты.У працэсе сустрэчы гаспадары аграэкасядзіб прэзентавалі патэнцыял сваіх аб’ектаў, атрымалі кампетэнтныя адказы на хвалюючыя пытанні з вуснаў начальніка аддзела культуры Надзеі Жук, начальніка Кобрынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыя Пракапюка, прадстаўнікоў Кобрынскага доследнага лясгаса, РФАУ “Атлант” і інш.Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ (злева направа): члены экспертнай камісіі Віктар Дзямянчык і Леанід Гайдукевіч кансультуюць прадстаўнікоў аграсядзіб “На Сасноўцы” і “Купалінка” Фёдара Краўчука і Наталлю Семянюк.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: