З сярэдзіны красавіка па ўсёй краіне пад эгідай Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь пры непасрэдным удзеле кіраўнікоў выканаўчай улады пачалося ўручэнне ветэранам вайны і вязням канцлагераў юбілейных медалёў “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Кобрынскі раённы ваенкамат таксама прымае ўдзел у гэтай акцыі. Паводле слоў намесніка начальніка мабілізацыйнага аддзялення РВК маёра Максіма Хверысюка, непасрэдна па месцы жыхарства запланавана ўручыць юбілейныя медалі больш як 400 удзельнікам вайны, якія пражываюць на тэрыторыі Кобрыншчыны.Адным з першых 15 красавіка ўзнагароду атрымаў удзельнік вайны жыхар в. Андронава Васіль Амельянюк. Ветэрану было ўдвая прыемна, бо як раз у гэты дзень яму споўнілася 90 гадоў. Тым не менш, Васіль Якімавіч не страціў тонкага пачуцця гумару, імкнецца быць заўсёды бадзёрым. Перад яго вачамі і да гэтай пары стаяць далёкія ваенныя дні, калі мужна змагаўся з ворагам на Каўказе, у вызваленчых баях на тэрыторыях Венгрыі, Чэхаславакіі, Германіі. У гады вайны ён быў артылерыстам і сувязістам. Часта пад кулямі пракладваў тэлефонную сувязь непасрэдна на перадавой. Васіль Амельянюк гаворыць, што ў 1945 годзе пад Берлінам ён уцалеў толькі нейкім цудам - фашысты кінулі на абарону сталіцы Германіі апошнія сілы і сродкі.Пасля доўгачаканай Перамогі вярнуўся ў родную вёску і ўсё жыццё працаваў жывёлаводам у мясцовым калгасе. Ветэран ганарыцца сваёй вялікай сям’ёй. У яго шасцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў і праўнучка, якія любяць свайго дзеда і часта наведваюць яго.Госці павіншавалі Васіля Якімавіча з юбілеем, уручылі яму медаль і пажадалі самага галоўнага – здароўя.Як расказаў старшыня Батчынскага сельвыканкама Аляксандр Коржак, падтрымка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны - адзін з важнейшых накірункаў у рабоце. Аляксандр Антонавіч жыве праблемамі людзей і па магчымасці аказвае ім неабходную дапамогу, у тым ліку і матэрыяльную.Да 1 мая юбілейны медаль “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” абавязкова знойдзе кожнага свайго героя.Раман МЕЛЬНІК.
Поделиться в соцсетях: