Здавалася б, чым можа здзівіць турыстаў звычайны раённы цэнтр – такі, як наш Кобрын? Між тым ёсць шмат месцаў, якія літаральна ўвасабляюць сабой гісторыю, з’яўляюцца жывымі сведкамі падзей сівой мінуўшчыны, а таксама цікавых прыродных куточкаў і проста выдатных месцаў для адпачынку.
У гэтым пераконваешся, пазнаёміўшыся з новым інфармацыйна-турыстычным даведнікам “Турыстычная Кобрыншчына запрашае”. Апісанні маршрутаў – усяго іх налічваецца 8, гістарычныя звесткі, фотаздымкі, карта і каментарыі дапамогуць гасцям горада і раёна хутка з’арыентавацца на Кобрыншчыне і выбраць маршрут, які ўяўляе для іх найбольшую цікавасць. Каментарыі, дарэчы, у новым дапаможніку ёсць і на англійскай мове – для турыстаў з-за мяжы.
У маршрутах, акрамя вядомых усім кабрынчанам гістарычных месцаў, такіх, як парк імя Суворава, ваенна-гістарычны музей ці помнік у гонар перамогі 1812 года, ёсць шмат іншага. У прыватнасці, на тэрыторыі раёна. Так, напрыклад, “Па межах Кобрынскага раёна” і “Знакамітыя месцы Кобрыншчыны” працягам адпаведна да 200 і да 90 кіламетраў прапануюць наведаць парк на месцы былой сядзібы пісьменніцы Марыі Радзевіч, што ў вёсцы Грушава, адпачыць у аграэкасядзібе ў вёсцы Лелікава, пабачыць хутар “Божы дар”, дзе калісьці прымаў прысягу на вернась паўстанню Рамуальд Траугут, наведаць радавы склеп Касцюшкаў і магілу Аляксандра Міцкевіча – брата славутага паэта. Адным словам, ёсць на што паглядзець.
Сёлета мы адзначаем 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У сувязі з чым цікавым будзе наведванне маршруту “Дарогамі вялікай Айчыннай вайны”, які пройдзе праз такія памятныя месцы, як сквер Герояў-танкістаў, абеліскі на брацкіх магілах салдат, партызан і падпольшчыкаў.
Не застанецца ў баку і прыроднае багацце Кобрыншчыны. Маршрут “Прырода Кобрынскага краю” пачынаецца з набярэжнай ракі Мухавец, будучай зоны адпачынку. Хутка тут будзе Лядовая арэна – якая, разам з аквапаркам і амфітэатрам, што пакуль будуюцца ў гарадскім парку, дадуць магчымасць усім жадаючым зрабіць свой адпачынак на самой справе актыўным і карысным. Госці змогуць наведаць і заказнік “Дзівін – Вялікі лес” плошчай 3000 гектараў, дзе ёсць рэдкія віды раслін, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Таксама ў праграме маршруту наведванне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Званец” – частка яго знаходзіцца ў вёсках Аніскавічы і Мелянкова.
Акрамя непасрэдна турыстычных маршрутаў, у дапаможніку можна атрымаць інфармацыю пра гасцініцы, прадпрыемствы грамадскага харчавання, банкі, аддзяленні сувязі – адным словам, пра ўсё, што можа спатрэбіцца гасцям Кобрыншчыны.