Главная / Новости / В Кобрине открылось новое отделение почтовой связи
Летапіс вялікага жыцця…
09/08/2009
Гавораць, што вайна не выбірае. Жанчына ці падлетак, хворы ці здаровы, малады ці стары – кожнаму, каму давялося жыць у страшныя ваенныя часы, выпала свая нялёгкая доля. Наш сённяшні госць усе цяжкасці ваеннага часу зведаў, што называецца, у поўнай меры. У свае 14 гадоў – згадзіцеся, у такім узросце мы толькі рыхтуемся да самастойнага жыцця – ён ужо працаваў на патрэбы фронту, дапамагаў забяспечваць краіну ўсім неабходным. І так – да самага канца вайны…
Гісторыя Аляксея Латфуліна – як вялікая кніга жыцця. Ураджэнец Татарстана, большую частку свайго жыцця ён правёў у Кіргізіі, потым апынуўся ў Беларусі, у Хойніках, а зараз жыве на Кобрыншчыне, на хутары каля вёскі Барысава. Калі гэты цікавы чалавек завітаў у нашу рэдакцыю і расказаў, што сёлета споўнілася 82 гады, гэта прыемна здзівіла – настолькі бадзёрым і актыўным ён выглядае. І гэта – нягледзячы на складаны жыццёвы шлях, які на ўсім сваім працягу быў цесна звязаны з працай.
Месцам яе пасля заканчэння вайны стала пасажырская аўтабаза – на якой, дарэчы, Аляксей Захаравіч правёў 40 гадоў. Сёння пра тыя часы нагадваюць два медалі “Ветэран працы”, незлічоная колькасць ганаровых грамат… І багаты жыццёвы вопыт, які Аляксей Латфулін рэалізуе ў сваіх вершах.
Прызнанне ў сферы паэзіі ён, дарэчы, атрымаў яшчэ ў Кіргізіі – пад псеўданімам Габдула Зофэр. У яго творах – родныя краявіды, звычаі, апаленае вайной дзяцінства, філасофскія роздумы аб сэнсе жыцця… І – людзі. Прычым вобразы людзей паўстаюць перад намі такімі, якія яны ёсць на самай справе – са сваімі ўнікальнымі характарамі і асаблівасцямі, добрымі якасцямі і недахопамі. Уменнем разбірацца ў людзях Аляксей Латфулін вучыўся валодаць усё жыццё – а ў кіргізскім горадзе Каракол ён нават быў старшынёй татара-башкірскай дыяспары.
І сёння, нягледзячы на ўзрост, Аляксей Латфулін вядзе актыўнае жыццё. Ён піша вершы, карыстаецца папулярнасцю сярод дзяцей – дарэчы, да выхавання маладога пакалення гэты чалавек заўсёды ставіўся з вялікай увагай. Простыя і незвычайныя, яскравыя і, здаецца, напісаныя на адным дыханні, яго творы па-свойму закранаюць струны душы, прымушаюць задумацца і нібыта глянуць на свет вачамі аўтара – незвычайнага чалавека з багатым унутраным светам і няпростым лёсам. Ёсць сярод яго вершаў і тыя, што прысвечаны Беларусі, якая стала для паэта родам з далёкага Татарстана другой Радзімай…