У мінулую пятніцу з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Трубчыка адбылася выніковая нарада грамадскага аб’яднання “Футбольны клуб “Кобрын”. Былі запрошаны кіраўнікі арганізацый і ўстаноў Кобрыншчыны, прадстаўнікі бізнесу, якія неабыякава ставяцца да папулярызацыі гульні у нашым горадзе, а таксама футбалісты, якія мелі магчымасць па-дзелавому абмеркаваць злабадзённыя тэмы.
У сваёй справаздачы старшыня ФК “Кобрын” Сяргей Кожух адзначыў, што мінулая “трохгодка” для яго падапечных склалася паспяхова. Спартсмены разам з галоўным трэнерам Сяргеем Высоцкім заваявалі Кубак краіны і сярэбраныя медалі ў чэмпіянаце краіны па пляжным футболе (2009 г). Летась каманда стала чэмпіёнам Брэсцкай вобласці ў вялікім футболе. Дзякуючы поспехам дарослых спартсменаў актывізавалася падрыхтоўка маладой змены ў сценах КСДЮШАР. Як адзначыў Сяргей Высоцкі, цяпер у юных спартсменаў ёсць цудоўная перспектыва - развіваць свае навыкі і веды ў складзе рэспектабельнага клуба, гуляць на выездах. Такім чынам, мясцовая спартыўная школа стала годнай “кузняй кадраў” для ФК “Кобрын”.
Нельга спісваць з рахункаў і сельскі футбол. Неафіцыйны лідар футбольнага руху Кобрыншчыны Аляксандр Куцэвіч паведаміў, што пасля пэўнай паўзы дзякуючы ініцыятыве аматараў футбола, падтрымцы аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме райвыканкама ўзнавіўся чэмпіянат раёна. Новы імпульс атрымала “Трыумф-ліга” па міні-футболе, спаборніцтвы якой чацвёрты сезон запар праводзяцца на базе Буховіцкай СШ. Удзел у ёй спартсменаў ФК “Кобрын” - добры шанс у міжсезонны перыяд падтрымліваць сваю гульнявую форму. Да “Трыумф-лігі” ўжо далучыліся каманды з Антопаля і Жабінкі. Хутка прымуць удзел у спартыўных баталіях і каманды з Драгічына, в. Самары (Украіна). Цесныя добрасуседскія стасункі не толькі з беларускімі, але і з украінскімі клубамі наладзіла ветэранская каманда футбалістаў.
Безумоўна, важнае пытанне, без якога немагчыма развіццё футбола, – фінансаванне. Паводле слоў Валянціна Трубчыка, частка ад неабходных для ўдзелу ў чэмпіянаце Брэсцкай вобласці грошай будзе выдзяляцца з бюджэту. Далучацца і энтузіясты. У прыватнасці, мяркуецца, што СТАА “ПП Палессе” пералічыць грошы на патрэбы кобрынскай каманды па пляжным футболе, якая плануе ўдзельнічаць у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь. Выказаў жаданне аказваць пасільную дапамогу спартсменам і дырэктар Кобрынскага ўпраўлення магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз” Уладзімір Галашка. Бізнес-структуры Кобрыншчыны заключылі пагадненне з галандскімі партнёрамі, якія ўжо перадалі ФК “Кобрын” новыя камплекты спартыўнай формы.
Дзейнасць ФК “Кобрын” была прызнана здавальняючай. Старшынёй праўлення клуба на другі тэрмін выбраны Сяргей Кожух.
Раман МЕЛЬНІК.
фота аўтара
На здымку: Сяргей Кожух.
Поделиться в соцсетях: