На мінулым тыдні на працягу двух дзён у кінатэатры “Радуга” ладзіўся сапраўдны марафон прыгажосці. Дзевятнаццаць прадстаўніц навучальных устаноў Кобрыншчыны прынялі ўдзел у другім конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Восень-2011”. Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства выступілі РК ГА “БРСМ” і раённая кінавідэасетка.
Яшчэ да пачатку падзеі ўсе білеты былі прададзены. Удзельніц конкурсу віталі намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля. Прыгажуні з гонарам вытрымалі два туры - адборачны і фінальны, у працэсе якіх было неабходна годна прадставіць публіцы свае таленты і здольнасці. У дысцыпліне “Візітная картка” дзяўчаты ў выглядзе слайд-шоу ці відэапрэзентацый у вершах альбо прозе распавядалі аб сваёй біяграфіі і хобі. Таксама ўдзельніцы эфектна, нібыта сапраўдныя мадэлі, дэфіліравалі ў штодзённым, спартыўным, дзелавым адзенні.
Увагу гледачоў асабліва прыцягнуў конкурс мадэльераў, дзе ўдзельніцы прыемна здзівілі сваімі крэатыўнымі задумкамі – арыгінальным адзеннем, зробленым… з газет, атласных карт, цэлафанавых пакетаў, дубовага восеньскага лісця і нават са старой магнітафоннай стужкі! Дарэчы, кожны ўбор быў выкананы вельмі якасна. Прадказальна “запаліў“ глядзельную залу конкурс “Танец на біс!”.
Да апошняй хвіліны ніхто не браўся прадказаць, якая з дзяўчат атрымае галоўную ўзнагароду конкурсу – карону. Валянцін Трубчык пад гучныя апладысменты гледачоў уручыў яе Яне Вілоўчык з СШ №3. Тытул “Міс Восень” заваявала Вераніка Страбкова з СШ №9. А “Віцэ-міс Восень” стала выхаванка Кобрынскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху Юлія Сацута, якая таксама атрымала прызы сімпатый гледачоў і канкурсантак.
Пераможцам і прызёрам дасталіся шыкоўныя падарункі ад карпарацыі “Мэры-кей”, парфюмерна-касметычнага канцэрна “Валеры-Эліт”, салона-цырульні “Пасольства прыгажосці” і многіх іншых. Астатнія канкурсанткі былі таксама ўзнагароджаны памятнымі падарункамі, кветкамі і дыпломамі.
“Каралева Восень-2011” Яна Вілоўчык шчыра дзякавала сваім бацькам і балельшчыкам, якія падтрымлівалі яе на працягу двух няпростых, але цікавых дзён. Цёплыя словы яна выказала ў адрас арганізатараў гэтага шоу. У будучыні Яна плануе звязаць сваё жыццё з творчасцю. Гэты конкурс дапамог ёй раскрыць многія здольнасці, навучыў працаваць у адзінай камандзе, хутка асвойваць новыя веды, што абавязкова спатрэбіцца ў будучыні.
Раман Мельнік.
Фота аўтара.
На здымках: (злева направа) “Міс Восень” Вераніка Страбкова, уладальніца тытула “Каралева Восень-2010” Марына Сурма, сёлетняя пераможца конкурсу “Каралева Восень-2011” Яна Вілоўчык і “Віцэ-міс Восень” Юлія Сацута.
Фота-салют з мерапрыемства! (Эксклюзіў!)
Поделиться в соцсетях: