СМІ і почта: у творчым тандэме!
2015 год адзначыўся для супрацоўнікаў РУП “Белпошта” значнай падзеяй – 20-годдзем з дня заснавання. І хоць юбілейная дата ўжо адышла ў гісторыю, яна стала ключавой на прэс-канферэнцыі, якая адбылася на базе Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” 13 студзеня. Абласны форум прайшоў з удзелам начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандра Мурашкіна, дырэктара Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціны Пух, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны.
У межах мерапрыемства ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Лепшы матэрыял аб пошце”, які быў прымеркаваны да святочнай даты і праводзіўся сярод журналістаў друкаваных, электронных СМІ ў перыяд з 24 чэрвеня па 14 кастрычніка 2015 года. Урачыстай цырымоніі ўзнагароджання папярэднічала прамова Валянціны Пух, якая падкрэсліла важнасць ролі СМІ ў паштовай галіне. Асаблівую ўвагу яна надала вынікам падпісной кампаніі на 1-е паўгоддзе 2016 года, якая была гарачым часам як для паштовага прадпрыемства, так і для рэдакцый СМІ. У адрас “Кобрынскага весніка” прагучалі словы падзякі: “раёнка” не толькі не здала сваіх пазіцый, але і прыбавіла ў тыражы. У сваю чаргу, мы, супрацоўнікі рэдакцыі, на чале з галоўным рэдактарам Раманам Мельнікам шчыра дзякуем вам, нашы паважаныя чытачы, за падтрымку, адданасць і за тое, што застаяцеся з намі.
Акцэнтавалася ўвага і на найбольш рацыянальных формах мерапрыемстваў, якія дапамагаюць друкаваным СМІ канкурыраваць з інтэрнэтам. Дарэчы, многія з прапанаваных сродкаў практыкуюцца ў нашай газеце, у тым ліку Дні падпісчыка, конкурсы паштальёнаў, узнагароджанне квартальнай падпіскай пераможцаў разнастайных конкурсаў.
Добрую порцыю інфармацыі атрымалі журналісты па дасягненнях прадпрыемства “Белпошта”, яго новых відах паслуг і формах абслугоўвання, якое па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца пад дэвізам: “Хутка, надзейна, даступна”.
Як адзначыў у завяршэнне Аляксандр Мурашкін, форум прайшоў у добразычлівай, амаль што сямейнай атмасферы. Гэтаму ёсць сваё абгрунтаванне: пошта і СМІ працуюць у творчым тандэме, а паміж сябрамі могуць быць толькі цёплыя ўзаемаадносіны.
Людміла ДУБІНА.
Фота Рамана Мельніка.